Адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 1 верасьня. Новы пералік мэдыцынскіх паказаньняў для навучаньня дома прывялі ў адпаведнасьць зь міжнароднай клясыфікацыяй (МКБ-10) і разьбілі на групы: для дашкольнай адукацыі, агульнай сярэдняй і спэцыяльнай адукацыі, прафэсійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі дарослых дома.
У пераліку зьявіліся новыя захворваньні і станы — напрыклад, сындром дэ ля Турэта, гіпэркінэтычныя растройствы (сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьць), гляўкома, адслаеньне сятчаткі, хранічная рэсьпіраторная недастатковасьць, кістозны фіброз — у папярэдняй вэрсіі іх не было.
У групу «хваробы органаў дыханьня» ўключылі грып, пнэўманію, іншыя вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ніжніх дыхальных шляхоў. У выпадку цяжкага праходжаньня гэтых захворваньняў дома можна будзе вучыцца да паўгода. Пры абвастрэньнях некаторых захворваньняў таксама магчымае навучаньне дома — напрыклад, у выпадку язвавага каліту або хваробы Крона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб наш карабель даплыў да перамогі». Як беларуская онлайн-школа ва Ўкраіне скончыла год пад выцьцё сырэнНекаторыя пазыцыі «пашырылі» — калі раней дамашняе навучаньне прапаноўвалася дзецям з цукровым дыябэтам I тыпу, то зараз так змогуць навучацца і тыя, у каго гэтая ж хвароба II тыпу. Вучаніцам пасьля нараджэньня дзяцей раней прапаноўвалася вучыцца дома ня больш за 70 дзён, цяпер жа яны змогуць гэта рабіць да паўгода пры ўмове груднога кармленьня.
Пры хатнім навучаньні дзіця дома пачынаюць наведваць пэдагогі. У школах праграма навучаньня такіх дзяцей мала адрозьніваецца ад звычайнай. Па некаторых прадметах зьменшана колькасьць гадзін, няма фізкультуры і працоўнага навучаньня. Выпускных іспытаў таксама няма — адзнакі ў атэстаце выстаўляюць па выніках гадавых адзнак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТА