Кіраўнік Данецкай вобласьці заклікаў жыхароў эвакуавацца

Наступствы расейскага ўдару па рынку ў Славянску

Кіраўнік адміністрацыі Данецкай вобласьці Ўкраіны Павел Кірыленка заклікаў жыхароў населеных пунктаў, якія застаюцца пад кантролем Украіны, эвакуавацца, каб зьберагчы сябе ад абстрэлаў з боку расейскіх войскаў і каб даць магчымасьць украінскім вайскоўцам больш эфэктыўна абараняцца.

«Лёс усёй краіны вырашыць Данецкая вобласьць. Калі людзей стане менш, мы зможам засяродзіцца на ворагу і на выкананьні сваіх асноўных задач», — заявіў Кірыленка ў аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Краматорску, дзе разьмешчаная абласная адміністрацыя.

Паводле ацэнак украінскага боку, у падкантрольных Украіне раёнах вобласьці застаецца больш за 350 тысяч мірных жыхароў.

Няясна, ці будзе эвакуацыя праводзіцца цэнтралізавана, ці грамадзяне павінны паспрабаваць выехаць самастойна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску

Расейскія войскі цяпер наступаюць у Данецкай вобласьці з поўначы і з усходу. Галоўны напрамак удару на поўначы вобласьці — Славянск, на ўсходзе вобласьці баявыя дзеяньні ідуць пад гарадамі Северск і Бахмут. Заходней ад гэтых гарадоў разьмешчаныя Краматорск, Дружкаўка, Канстанцінаўка і Тарэцк; далей на захад да самай мяжы Данецкай вобласьці буйных гарадоў ужо няма. У апошнія дні паведамляецца пра абстрэлы Славянску, у сераду ў выніку абстрэлу Тарэцку, як сьцьвярджаюць украінскія СМІ, былі разбураныя жылыя дамы, пад заваламі могуць быць людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны: мэта Расеі зьмяніць уладу ва Ўкраіне засталася ранейшаю, Крэмль рыхтуецца да працяглай вайны
  • Афіцыйная Масква лічыць Данецкую вобласьць незалежнай рэспублікай — так званай «ДНР». Адной з мэтаў вайны ў Маскве называюць «абарону» тэрыторыі «ДНР», пры гэтым, мяркуючы з выказваньняў афіцыйных асоб, расейскія вайскоўцы ня маюць намеру спыняцца на межах вобласьці, нават калі ім удасца ўзяць пад кантроль яе тэрыторыю. Такой самай думкі прытрымліваюцца аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), там лічаць, што мэтамі Расеі застаюцца зьмена рэжыму ў Кіеве і падрыў сувэрэнітэту Ўкраіны.