29 чэрвеня 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча», баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў. Спыніць яе палітзьняволены зьбіраецца пасьля выхаду з карцару, куды яго «за дрэнныя паводзіны» зьмясьцілі 30 чэрвеня на 10 сутак.
На мінулым тыдні сваякі палітвязьня паведамлялі, што за нязгоду Ўладзімера зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да яго прымянялі катаваньні — на працэс палітзьняволенага прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.
6 ліпеня жонка Ўладзімера Алена Гундар расказала апошнія навіны пра мужа.
«Калі Валодзю 29-га пасьля катаваньняў выдалілі з судовай залі, тады яго адправілі спачатку ў такую „папярэднюю“ камэру, у якой яны знаходзяцца падчас суду. Там трымалі ў кайданках і зацягвалі іх так, што рукі ў Валодзі былі сінія. Ён, канечне, не стрымаўся. Лаяўся на іх (сілавікоў). Тады яны перавялі Валодзю ў іншую камэру ў падвале і там пачалі здымаць на відэа, як ён лаецца. Я так зразумела, што і гэта была падстава для таго, каб яго адправіць у карцар», — расказала Алена Гундар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаяў у клетцы ў трусах, рукі прышпілілі да кратаў у расьцяжцы». Фігуранта «справы Аўтуховіча» Ўладзімера Гундара катуюць у судзеПаводле яе слоў, перад тым як Уладзімера зьмясьцілі ў карцар, яму ўкалолі «псыхатроп». Пасьля чаго ён альбо заснуў, альбо страціў прытомнасьць, кажа Алена.
«На наступны дзень Валодзя паведаміў, што адчувае сябе дрэнна ад дзеяньня тых „лекаў“. І толькі 1 ліпеня пачаў ужо больш-менш сябе адчуваць нармальна», — расказала жанчына.
Нягледзячы на тое, што Ўладзімера Гундара зьмясьцілі ў карцар, яго працягваюць прыводзіць на судовыя паседжаньні.
Так, з мужам Алена пабачылася апошні раз на судзе ў панядзелак 5 ліпеня.
«Менавіта тады на судзе ён расказаў пра свае катаваньні і паказаў сінякі, якія засталіся ў яго на руках ад кайданкоў. Судзьдзя пакорліва ўсё выслухаў і сказаў, што гэта ня мае ніякіх адносін да тэмы суду. Прэтэнзіі, хадайніцтвы, заявы абвінавачаных — усё гэта не па сутнасьці справы, — патлумачыла Алена Гундар. — Потым Аўтуховіч агучыў сваё хадайніцтва і выказаў адвод пракурорам. Судзьдзя таксама выслухаў і сказаў, што яго прэтэнзіі ня маюць падставы. То бок ні абвінавачаныя, ні адвакаты там ня маюць ніякага слова. Усё, што яны скажуць, усё адхіляецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая АўтуховічаПаводле Алены, зараз у судзе чытаюць матэрыялы справы, якія складаюць 65 тамоў (200–300 старонак у кожным). Пакуль што зачытваўся толькі 9-ы.
Сёньня Алена Гундар даведалася, што Ўладзімер выглядае кепска.
«Валодзя становіцца шэры. Вельмі схуднеў. Адвакатка патрабавала, каб яго паглядзеў проста на паседжаньні доктар. Той вымераў ціск, сказаў, што 138 на 80. Аднак абязводжваньня арганізму, па словах лекара, нібыта няма. А як гэта няма?! — кажа Алена. — Калі ён столькі дзён ня п’е вады, але, паводле іх (доктара і адміністрацыі), «гэта нічога страшнага». Яны кажуць — «ён жа сам добраахвотна, мы яго не прымушаем, хай бы пачаў есьці».
Лекар казаў Алене (дадае яна), што Ўладзімер, аднак, п’е ваду. Сам палітзьняволены абверг гэта.
«Плюс у карцары туалет такі, як на вакзале, калі трэба дзьвюма нагамі станавіцца. (Ва Ўладзімера Гундара ампутаваная нага, у яго гіпэртанія і судзінкавае захворваньне. — РС) Валодзя на адной назе ня можа гэтым туалетам карыстацца — гэта таксама зьдзек».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пацярпелыя» ў «справе Аўтуховіча» сілавікі просяць каля 150 000 рублёў кампэнсацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч цалкам не прызнаў віны, Гундар заявіў пра біцьцё падчас затрыманьняГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.