Ці будзе Нямеччына ваяваць за Літву? Адказвае аналітык Аляксандар Фрыдман

Нямецкія вайскоўцы, 2021 год

Беларускі гісторык зь Нямеччыны Аляксандар Фрыдман разважае пра стаўленьне нямецкага грамадзтва да вайны, аналізуе стан нямецкага войска і тлумачыць, навошта Бундэсвэру выдзеляць сто мільярдаў даляраў.

Сьцісла:

  • Канцлер Нямеччыны Шольц гаворыць пра дыялёг з Масквой, але прызнае, што пакуль ва ўладзе Пуцін, то гэта немагчыма.
  • У значнай часткі эўрапейскага грамадзтва няма разуменьня таго, наколькі сур’ёзная сытуацыя.
  • Апошнія гады стан нямецкай арміі экспэрты ацэньвалі як кепскі.
  • Пераважная большасьць насельніцтва Нямеччыны стаіць на ўкраінскім баку і падтрымлівае Ўкраіну як ахвяру агрэсіі.

— Ці можна сказаць, што ў выніку апошніх падзей Захад нарэшце пачаў успрымаць цяперашнюю пуцінскую Расею як стратэгічную пагрозу, як ворага, якому трэба нанесьці паразу? Ці традыцыйная заходняя дэмакратычная культура кампрамісу пакуль пануе, і разуменьне таго, што ідзе вайна, у якой трэба здабыць менавіта ваенную перамогу, пакуль ня стала галоўным?

— Палітычныя эліты ў Эўропе вельмі неаднародныя ў гэтым пытаньні. Ёсьць краіны, якія настроеныя вельмі рашуча — Польшча, Балтыйскія дзяржавы, Вялікая Брытанія, — а ёсьць краіны, якія па-ранейшаму гавораць пра дыялёг з Масквой. Прэзыдэнт Францыі Макрон кажа, што Расея нікуды ня зьнікне і зь ёй так ці іначай давядзецца дамаўляцца. Праўда, ён падкрэсьлівае, што мае на ўвазе ня сёньняшнюю пуцінскую Расею, а Расею ўвогуле. Канцлер Нямеччыны Шольц таксама гаворыць пра дыялёг з Масквой, але прызнае, што пакуль ва ўладзе Пуцін, то гэта немагчыма.

Аляксандар Фрыдман

NATO як структура прыняла ўсе рашэньні, якія абазначаюць Расею як галоўнага стратэгічнага праціўніка, уся дзейнасьць будзе скіраваная на тое, каб спыніць Расею. Зь іншага боку, непасрэдна ў гэтай вайне на тэрыторыі Ўкраіны NATO не жадае ўдзельнічаць. Але альянс разумее, што вайна можа закрануць ня толькі Ўкраіну, але і іншыя дзяржавы Эўропы. І NATO рыхтуецца, каб у такім выпадку адразу даць ваенны адказ Расеі.

Разам з тым мне падаецца, што ў значнай часткі эўрапейскага грамадзтва няма разуменьня таго, наколькі сур’ёзная сытуацыя.

— Нядаўна прагучала такая ўнушальная лічба, што абаронны бюджэт Нямеччыны будзе павялічаны на 100 мільярдаў даляраў. На які тэрмін заплянавана такое павелічэньне, на што пойдуць гэтыя грошы, як нямецкія палітыкі розных флянгаў ставяцца да такога рашэньня?

— З прычын асаблівасьцяў нямецкай гісторыі і, адпаведна, стаўленьня грамадзтва да войска нямецкая армія апошнія дзесяцігодзьдзі зазнавала істотныя скарачэньні. У 2011 годзе скасавалі абавязковы прызыў. Фінансавалася армія ня вельмі добра, былі тэхнічныя праблемы, гучалі скандалы — так што за апошнія гады стан нямецкай арміі экспэрты ацэньваюць як кепскі. Гэта тычыцца і матэрыяльнай часткі, і тэхнікі, і нават асабовага складу.

Доўгі час ішла дыскусія, колькі трэба траціць на абарону (Германія да апошняга часу траціла на абарону нават менш за 2 працэнты ВУП, што патрабуецца правіламі NATO). Пасьля 2014 году, анэксіі Крыму Расеяй фінансаваньне пачало паляпшацца, але відавочна, што цяперашняя вайна Расеі супраць Украіны дала штуршок гэтаму стомільярднаму пакету, які прапануе ўрад. Тут гаворка ідзе і пра тэхніку, узбраеньні, каб ажыцьцявіць мадэрнізацыю нямецкай арміі.

Крытыкі хапае, асабліва зь левага боку, дзе кажуць, што гэта ня тое, на што трэба траціць грошы. Але пад уплывам апошніх падзей прыходзіць асэнсаваньне, што сёньня ідуць такія выклікі, якіх не пераадолець без сучаснай, добра ўзброенай арміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе

— Апошнія тыдні на фоне абвастрэньня адносін Літвы і Расеі пачалі абмяркоўваць магчымасьць таго, што Расея можа нанесьці ўдар па Літве, каб заняць той самы Сувальскі калідор, які мог бы зьвязаць тэрыторыі Беларусі і Калінінградзкай вобласьці Расеі. Мне падаецца, у такіх размовах часам абмінаецца тая важная дэталь, што ў Літве даволі даўно разьмешчаныя і нямецкія, і амэрыканскія вайсковыя кантынгенты. Колькі іх там знаходзіцца і што ў Нямеччыне кажуць пра магчымасьць сутыкненьня нямецкіх і расейскіх войскаў?

— Так, ад 2017 году ў Літве знаходзяцца злучэньні Бундэсвэру, калі не памыляюся, каля 1000 чалавек. Вайсковае кіраваньне войскамі NATO на тэрыторыі Літвы ўскладзена менавіта на немцаў, увогуле Нямеччына ў вайсковым сэнсе «адказная» за Літву. Літоўскі ўрад увесь гэты час дамагаўся ад немцаў, каб тыя даслалі сюды дадатковую колькасьць вайскоўцаў, а Нямеччына доўгі час не пагаджалася гэта рабіць. А цяпер рашэньне ўжо прынята, і яшчэ прынамсі 500 нямецкіх вайскоўцаў будзе ў Літву накіравана.

І калі сапраўды адбудзецца сутыкненьне на тэрыторыі Літвы NATO з Расеяй, то першымі ў бой павінны будуць уступіць менавіта нямецкія вайскоўцы. У любым выпадку, калі гэта будзе напад на тэрыторыю краіны NATO, то альянс павінен будзе даць адказ, і тут ужо не прынцыпова, будуць гэта немцы, ці амэрыканцы, ці хто іншы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вядзе вайну на зьнішчэньне, – гісторык

— Нямецкае грамадзтва традыцыйна было адным з самых пацыфісцкіх у Эўропе. Ці мяняецца гэтае стаўленьне пад уплывам вайны ва Ўкраіне?

— Можна сказаць, што нямецкае грамадзтва апынулася ў даволі разгубленым стане. Бо 24 лютага 2022 году адбылося тое, што падавалася ўсім цалкам неймаверным. Жахлівыя рэчы, якія эўрапейцы сабе ўявіць не маглі, сталі рэчаіснасьцю. Адначасова адбываецца і пагаршэньне эканамічнага становішча. Гэта ўсё моцна ўдарыла па грамадзтву, асэнсаваньне толькі пачынаецца, вайна ўжо так ці іначай закранула большасьць людзей.

Тут і пачынаюцца супярэчнасьці. Усе згодныя, што вайну трэба як найхутчэй скончыць — пытаньне толькі, якім чынам. Адны лічаць, што галоўнае, каб хутчэй адбыліся перамовы, а калі Украіна страціць нейкія тэрыторыі — ну, значыць, лёс такі.

Што тычыцца пацыфізму, то часам зьяўляюцца нейкія лісты пераважна левых інтэлектуалаў, якія патрабуюць, каб вайна хутчэй скончылася. Але ж там няма ніякай канкрэтыкі, няма адказу на пытаньні, як можна скончыць вайну — гэта людзі, якія ў роспачы кажуць, што вайну трэба спыніць, але ня ведаюць як. Яны нічога не прапаноўваюць, проста паўтараюць расейскі прапагандысцкі наратыў. Ёсьць і меркаваньне, што нельга праводзіць пастаўкі зброі Ўкраіне, бо гэта, маўляў, толькі пашырае вайну.

Што тычыцца сацыялягічных апытаньняў, то пераважная большасьць насельніцтва Нямеччыны стаіць на ўкраінскім баку і падтрымлівае Ўкраіну як ахвяру агрэсіі. Тым ня менш каля трэці насельніцтва выступае супраць паставак зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвята 9 траўня можа асацыявацца з вайной ва Ўкраіне, — гісторык

— Ці даходзіць да нямецкіх палітыкаў і грамадзтва тая крытыка з боку ўкраінцаў, якія лічаць паводзіны нямецкіх уладаў у пастаўках зброі занадта павольнымі і нясьпешнымі і адкрыта гэта выказваюць?

— Безумоўна, даходзіць. Частка нямецкіх палітыкаў гэтую крытыку актыўна падтрымлівае. Гэта і апазыцыйныя хрысьціянскія дэмакраты, гэта і «зялёныя», якія якраз гавораць пра неабходнасьць пастаўляць больш зброі. Ультралевыя і правыя нацыяналісты з «Альтэрнатывы для Нямеччыны» кажуць, што трэба спыняць пастаўкі зброі, трэба дамаўляцца з Расеяй.

Цікавая эвалюцыя партыі «зялёных», якія традыцыйна былі антываеннай сілай. А сёньня яны асабліва моцна падтрымліваюць Украіну, патрабуюць больш санкцыяў супраць Расеі, больш зброі для Ўкраіны.

У цэлым заходняе грамадзтва, у тым ліку нямецкае, ужо стамілася ад вайны. І калі канцлер Шольц выходзіць і кажа, што ўсё гэта надоўга, што вайна працягнецца, магчыма, нават ня месяцы, што пэўныя страты прыйдзецца ўсім панесьці, — то гэта ня тое, што хочацца пачуць людзям на Захадзе. Хоць палітычныя лідэры сваімі заявамі ўжо рыхтуюць грамадзтва, што вайна будзе працяглай і што будуць пэўныя эканамічныя наступствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз тры месяцы пасьля нападу Расеі на Ўкраіну былая канцлерка ФРГ Мэркель выказала сваю пазыцыю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.