Са студзеня па травень зь беларускіх ІТ-кампаній звольнілася на 90% больш супрацоўнікаў, чым уладкавалася

Ілюстрацыя

Чысты адток спэцыялістаў галіны склаў 5,5 тысячы чалавек.

У беларускім ІТ-сэктары паскорыўся адток кадраў. Толькі за травень з кампаній звольнілася 3600 чалавек, а з пачатку году — 12 000, паведаміў devby.io са спасылкай на Белстат.

Чысты адток у ІТ-сэктары за 5 месяцаў (розьніца паміж нанятымі і звольненымі) — мінус 5500 чалавек. У няпростыя 2020 і 2021 гады сэктар за аналягічны пэрыяд крыху дадаваў у памеры — 553 і 697 спэцыялістаў адпаведна. Да пандэміі і крызісных пэрыядаў, у 2019-м, рост быў больш адчувальны — 1709 чалавек.

У траўні кампаніі абнавілі рэкорд у звальненьнях, пры гэтым наём упаў да мінімальнага ўзроўню за апошнія два гады. Наём у ІТ падае трэці месяц запар. У траўні ў кампаніі працаўладкаваліся амаль 800 спэцыялістаў — на 53% менш, чым у леташнім траўні. Больш за тое, так мала супрацоўнікаў кампаніі ўзялі на працу ўпершыню за апошнія амаль 2 гады (зь ліпеня 2020-га).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dev.by: Звыш 20 тысяч IT-спэцыялістаў выехалі зь Беларусі за два апошнія гады

Усяго за студзень-травень з ІТ-кампаній звольнілася на 90% больш адмыслоўцаў, чым працаўладкавалася.

Згодна са зьвесткамі Белстату, у 2021 годзе ў сфэры «Інфармацыйныя тэхналёгіі і дзейнасьць у галіне інфармацыйнага абслугоўваньня» працавалі 104 тысячы чалавек. Гэта значыць, за пяць месяцаў толькі па афіцыйных дадзеных ІТ-сэктар страціў больш за 5% супрацоўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць затрыманага дырэктара dev.bу Віталя Андроса завялі крымінальную справу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «палітыка ня наша справа» да «пакінем абедзьве краіны». Як ІТ-кампаніі сыходзяць зь Беларусі