«Коммерсантъ» піша, што «Беларуськалій» заключыў дамову на перавалку 2 млн тон калію да канца 2023 году ў кантэйнэрах зь пецярбурскім апэратарам «Кистоун Лоджистикс» праз два тэрміналы ў Санкт-Пецярбургу і адзін ва Ўладзівастоку.
Таксама крыніцы газэты паведамляюць, што Беларусь у чэрвені адгрузіла 120 тысяч тон калію ў Кітай праз расейскую чыгунку.
Па словах экспэртаў, пастаўкі беларускай кампаніі шкодзяць канкурэнтам, бо «Беларуськалій» дэмпінгуе, прадаючы сваю прадукцыю са зьніжкамі ў 30-50%, каб павялічыць адгрузкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль: «Некаторыя афрыканскія краіны ўвозяць зь Беларусі больш калію, чым дагэтуль»Праблемы ў беларускага вытворцы ўгнаеньняў пачаліся пасьля ўключэньня ў санкцыйны сьпіс ЗША і Эўразьвязу. З 1 лютага Літва, празь якую ішла перавалка большай часткі беларускага калію, спыніла транзыт прадукцыі прадпрыемства праз сваю тэрыторыю.
У Менску некалькі разоў заяўлялі аб намеры будаваць у Расеі ўласны порт, але да гэтага часу да канкрэтыкі не даходзіла. Аднак цяпер, як паведамілі крыніцы «Коммерсанта», улады Санкт-Пецярбургу вылучылі «Беларуськалію» зямельны ўчастак у порце Бронка. Патэнцыйна на выдзеленым участку можна пабудаваць тэрмінал магутнасьцю да 15 млн тон. Меркаваны тэрмін будаўніцтва — 3-4 гады, а кошт праекту можа скласьці $600 млн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі суд: дамова «Беларуськалію» зь Літоўскімі чыгункамі стварала пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы