Пра гэта паведамляе Der Spiegel са спасылкай на крыніцы ў Эўракамісіі.
Прынятае рашэньне дасьць магчымасьць прадухіліць магчымы экспарт расейскай прадукцыі праз порт Калінінграду. Дакладны аб’ём тавараў, дазволеных да транзыту, будзе вызначацца паводле літоўскіх мытных дакумэнтаў. У асаблівых выпадках, напрыклад, для рамонту шлюзаў, аб’ём транзыту можа быць перавышаны, аднак Расеі давядзецца даказваць кожнае выключэньне.
Рашэньне, прынятае Эўракамісіяй, шмат у чым адлюстроўвае пазыцыю ўраду Нямеччыны. Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц неаднаразова падкрэсьліваў, што зробіць усё, што ў яго сілах, каб NATO ня стала бокам канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Нямецкія салдаты дысьлякуюцца ў Літве і могуць быць уцягнутыя ў магчымы канфлікт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўскія чыгункі» ў адказ на пагрозы «расейскіх хакераў» паслалі іх сьледам за «расейскім вайсковым караблём»Паводле словаў прадстаўніка Літвы, знаёмага з ходам перамоваў, Нямеччына з 18 чэрвеня аказвала ціск на Эўракамісію, каб санкцыі не распаўсюджваліся на транзыт у Калінінград.
Публікацыя рашэньня Эўракамісіі чакаецца найбліжэйшымі днямі.
Калінінградзкая вобласьць — расейскі эксклаў, які мяжуе зь Літвой і Польшчай. Літва забараніла транзыт расейскіх будаўнічых матэрыялаў і мэталу пасьля ўступленьня 17 чэрвеня санкцыяў Эўразьвязу, якія прадугледжваюць забарону на іх сухапутныя пастаўкі. Пасажырскія перавозкі працягваюцца па ранейшых правілах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады бясьпекі Расеі прыгразіў Літве ў адказ на забарону транзыту грузаў у КалінінградКіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс паведаміў, што транзыт быў спынены пасьля кансультацый з Эўракамісіяй і пад яе кіраўніцтвам. 20 чэрвеня МЗС Расеі запатрабавала ад Літвы неадкладна адмяніць забарону на транзыт тавараў у Калінінградзкую вобласьць. 21 чэрвеня пасол Эўразьвязу ў Расеі Эдэрэр растлумачыў, што пра блякаду Калінінграду размова не ідзе, і транзыт тавараў, якія не трапляюць пад санкцыі ЭЗ, «працуе нармальна».
Абмежаваньні на імпарт прадукцыі са сталі і жалеза прадугледжаны чацьвёртым пакетам санкцый ЭЗ. З 17 чэрвеня на тэрыторыю ЭЗ забаронена ўвозіць расейскія чорныя мэталы і сталь, з 10 ліпеня пад забарону трапіць цэмэнт, а таксама алькаголь і іншыя прадукты, з 10 жніўня — вугаль і іншыя віды цьвёрдага выкапнёвага паліва, з 5 сьнежня — нафта.
Войскі Расеі ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. У адказ на расейскую агрэсію Эўразьвяз прыняў ужо шэсьць пакетаў санкцый у дачыненьні да Расеі. Цяпер абмяркоўваецца сёмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спыніла транзыт часткі расейскіх грузаў у Калінінградзкую вобласьць