Сумесная заява МУС і ўрадавых органаў рэспублікі зьявілася пасьля распачатых масавых пратэстаў супраць зьмены Канстытуцыі ў Нукусе, сталіцы Каракалпакстану, і іншых гарадах. У прыватнасьці, жыхары Нукуса правялі шэсьце, а потым мітынг на цэнтральным дэхканскім рынку.
Пратэсты пачаліся 1 ліпеня, пасьля таго як ва Ўзбэкістане апублікавалі новы праект Канстытуцыі. З новага варыянту выключаюць сувэрэнны статус Каракалпакстану і яго права на выхад са складу рэспублікі. Каракалпакстан займае 40% тэрыторыі Ўзбэкістану, пры гэтым у рэгіёне жыве каля 7% насельніцтва — каля 2 млн чалавек.
Паводле зьвестак выданьня «Хук», раніцай 2 ліпеня затрымалі актывіста Даўлетмурата Тажымуратава, які напярэдадні выступаў перад прысутнымі на мітынгу і анансаваў новыя пратэсты 5 ліпеня. Увечары 1 ліпеня таксама паведамлялася аб затрыманьні Тажымуратава, але пазьней яго адпусьцілі. На гэты раз, піша выданьне, да яго дома пад’ехалі пяць аўтобусаў, якія зьвезьлі самога актывіста і іншых людзей, якія знаходзіліся каля яго дому.
Цяпер у Каракалпакстане сур’ёзныя праблемы з інтэрнэтам, як з мабільным, так са і стацыянарным падключэньнем, загрузіць фатаграфіі і відэа зь месца падзей не атрымліваецца.
«Хук» таксама паведамляе, што ўезд у горад Нукус перакрыты з боку гарадоў Тахіяташ, Хаджэйлі, Арак Балга.
Акрамя таго, улады Ўзбэкістану закрылі прапускны пункт на мяжы Казахстану і Каракалпакстану. КНБ Казахстану паведамляе, што пропуск празь мяжу часова спынены «ў адпаведнасьці з інфармацыяй, якая паступіла ад узбэцкіх партнэраў, зь 1 ліпеня 2022 году ў сувязі з выхадам са строю інфармацыйнай сыстэмы». У гэтым жа прэс-рэлізе гаворыцца, што плянуецца прыпыненьне чыгуначных зносін па маршруце Каракалпакстан — Бэйнеў (станцыя ў казаскім Мангістаў).
Увечары 2 ліпеня стала вядома, што ў Нукус з Ташкенту вылецеў самалёт прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева, а таксама самалёт прэм’ер-міністра краіны Абдулы Арыпава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся пратэсты ў рэгіёне Ўзбэкістану, які хочуць пазбавіць аўтаноміі