Пасьля 11 гадоў перапынку Deutsche Welle аднавіла радыёвяшчаньне на расейскай мове

Deutsche Welle аднавіла радыёвяшчаньне на сярэдніх хвалях, сыгнал можна прымаць на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта са спасылкай на прэс-службу нямецкай мэдыякампаніі паведамляе БелаПАН.

Паўгадзінныя праграмы будуць выходзіць у радыёэфір кожны вечар у 21.00 па менскім часе на частаце 1386 кГц.

У ліпені гэта будуць радыёвэрсіі тэлеперадач «DW Навіны» і «У самую кропку».

Адзначаецца, што радыёвяшчаньне на сярэдніх хвалях — сумесны праект з радыё «Свабода». Перадачы расейскай службы Радыё Свабода будуць выходзіць у эфір на гэтых жа частотах да поўначы па менскім часе.

Тэхнічным партнэрам, які адказвае за радыёсыгнал з Вільні, выступае міжнародная вяшчальная кампанія Radio Baltic Waves International.

Deutsche Welle («Нямецкая хваля») — фэдэральная дзяржаўная ўстанова Нямеччыны, якая вядзе радыё- і тэлевяшчаньне за мяжу.

28 кастрычніка 2021 году беларускія ўлады заблякавалі доступ да сайту Deutsche Welle. Як заявіў першы намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, прычынай стала «распаўсюджваньне гіпэрспасылак на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе адпаведных рашэньняў суду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Роскомнадзор» заблякаваў у Расеі сайт беларускай службы Радыё Свабода

Генэральны дырэктар Deutsche Welle Петэр Лімбург назваў блякаваньне сайту «актам роспачы беларускага кіраўніцтва». «Прэтэнзіі абсалютна сьмешныя. Спадар Лукашэнка паказаў, што ў барацьбе супраць свайго ўласнага народу ён не цураецца нічога, каб утрымацца ва ўладзе», — сказаў Лімбург.

9 сакавіка 2022 году стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал і інфармацыю Deutsche Welle, а таксама яе лягатып DW.

Deutsche Welle спыніла вяшчаньне на расейскай мове 30 чэрвеня 2011 году, засяродзіўшыся на разьвіцьці сайту, анлайн-відэа і сацыяльных сетках.

  • Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 23 сьнежня 2021 году прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», «экстрэмісцкім фармаваньнем». Кантэнт Радыё Свабода таксама быў прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім». Сайт Свабоды забялкаваны ў Беларусі зь ліпеня 2020 году.