Беларусы Польшчы разам з палякамі зьбіраюць грошы на «Байрактар» для Ўкраіны

Турэцкі бесьпілётнік «Байрактар», ілюстрацыйнае фота

Польскі журналіст Славамір Серакоўскі запусьціў збор грошай «Купім Байрактар Украіне»: на бесьпілётнік хочуць сабраць 22,5 млн злотых (каля 5 млн даляраў), ужо набралі звыш 2,2 млн злотых.

Сайт дазваляе зьбіраць грошы на адну мэту ў розныя скарбонкі, і журналіст Тамаш Суліма стварыў асобную скарбонку для беларусаў краіны -— «Беларусы ў Польшчы купляюць Байрактар для Украіны». На момант публікацыі ў гэтую скарбонку грошы ахвяравалі ўжо 68 чалавек, агулам больш за 8 тысяч злотых.

Па сутнасьці, грошы на збор можа ахвяраваць любы чалавек, але так для беларусаў стварылі магчымасьць паказаць сваю салідарнасьць і падтрымку Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скінуўся нават дом састарэлых». Як літоўцы сабралі на «Байрактар» для Ўкраіны

Раней грошы на «Байрактар» для Ўкраіны зьбіралі ў Літве і за тры дні сабралі каля 6 млн эўра. Турэцкі вытворца бесьпілётнікаў «Baykar», даведаўшыся пра збор, паабяцаў аддаць Украіне «Байрактар» бясплатна, таму сабраныя літоўцамі грошы пойдуць на боепрыпасы для бесьпілётніка, а таксама на гуманітарныя, абарончыя і адбудоўчыя праекты ва Ўкраіне.

Таксама грошы на «Байрактар» зьбіралі самі ўкраінцы: яны сабралі 600 млн грыўняў (20 млн даляраў) за тры дні. «Baykar» адказаў на гэты збор новым абяцаньнем аддаць тры дроны Ўкраіне бясплатна. Украінцы і цяпер кансультуюцца з Міністэрствам абароны адносна таго, куды эфэктыўней скіраваць сабраную суму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэччына падорыць украінскаму войску «Байрактар», на які ў Літве сабралі грошы