Падаляк: У Расеі новая тактыка — біць па жылых кварталах, каб прымусіць Украіну сесьці за стол перамоваў

Міхаіл Падаляк

Расея зьмяніла тактыку і цяпер мацней атакуе крылатымі ракетамі ўкраінскія гарады, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Міхаіл Падаляк у эксклюзыўным інтэрвію ўкраінскаму «24 каналу».

«Расейцы перайшлі да канцэпцыі вайны, дзе хочуць выбудаваць маштабныя панічныя настроі ва Ўкраіне, запалохаць людзей і прымусіць іх ціснуць на ўрад, каб мы пайшлі на некаторыя саступкі Расеі. То бок, якая цяпер тактыка? З аднаго боку, яны абсалютна ня ўлічваюць, як на гэта рэагуе сьвет — на гэтыя бесчалавечныя напады крылатымі ракетамі жылых кварталаў. Яны прымушаюць нашых людзей ціснуць на ўрад, каб тыя сказалі „пойдзем на якія-небудзь тэрытарыяльныя саступкі“», — сказаў Міхаіл Падаляк.

Зь іншага боку, паводле яго, расейцы ўкладаюць грошы ў сваё прарасейскае лобі на палітычных рынках іншых краін для таго, каб яны таксама казалі «давайце неяк вайну заканчваць».

У той жа час Падаляк перакананы, што гэта новая тактыка Расеі «ня будзе працаваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэскай вобласьці ракета трапіла ў шматпавярховік, вядома пра 20 загінулых

Ён адзначае, што Расея ўвесь час прыдумляе «новыя фарматы вайны» і мяняе канцэнцыі яе вядзеньня. Паводле Падаляка, сярод ранейшых канцэпцый Расеі былі наступныя:

  • «72 гадзіны, захопліваем ўрадавы квартал у Кіеве, так ламаем Украіну. Гэта ня выйшла.
  • Заходзім у Кіеўскую вобласьць, зьдзекуемся зь людзей, масавым гвалтам, забойствамі, каб былі панічныя настроі. Гэта не спрацавала.
  • Адціскаем Украіну ад акваторыі Азоўскага і Чорнага мора, захапіўшы ўсход і поўдзень Украіны. Вайна на Ўсходзе Ўкраіны, якая з пункту гледжаньня ваеннай стратэгіі ідзе на зьнішчэньне гарадоў, як Марыюпаль і Севераданецк.
  • Крылатыя ракеты па жылых кварталах — і зь Беларусі, і з акваторый Чорнага і Касьпійскага мора».

На думку Падаляка, Расея «змагаецца не за тэрыторыю, а каб зьнішчыць пэўную дзяржаву» і правесьці «перафарматаваньне бясьпекі ў Эўропе».

«Калі Расея дацісьне Ўкраіну, то Эўропы як адзінай канглямэрацыі дзяржаў, якія могуць сябе абараняць, ня будзе існаваць. Гэта мэта Расеі», — заявіў Падаляк.

У той жа час ён выказаў перакананьне, што неўзабаве сьвет прызнае Расею тэрарыстычнай дзяржавай, «бо той аб’ём вайсковых злачынстваў, злачынстваў супраць цывільных грамадзян, якія Расея публічна дэманструе, занадта вялікі, каб яго ігнараваць», і гэта пацягне за сабой пэўныя наступствы для Расеі, у прыватнасьці эканамічныя.

«Ім трэба зламаць сваю мэнтальнасьць. Ім трэба адмовіцца ад традыцыйнага ўяўленьня аб Расеі як аб дзяржаве, зь якой можна падпісваць кантракты», — сказаў Падаляк.