Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны заявіў, што расейскія самалёты нанесьлі ўдары па востраве Зьмяіны фосфарнымі бомбамі.
«Кіраўніцтва ўзброеных сілаў РФ нават не прытрымліваецца ўласных заяваў, якія абвяшчаюць «жэст добрай волі». Сёньня каля 18:00 з аэрадрому Бельбек пара самалётаў Су-30 ВКС ЗС Расеі двойчы нанесла ўдар фосфарнымі бомбамі па востраве Зьмяіны, дзе яны нібыта «выканалі пастаўленыя задачы», напісаў ён на сваім афіцыйным тэлеграм-канале, выклаўшы відэа.
30 чэрвеня стала вядома, што расейскія войскі пакінулі востраў Зьмяіны. Міністэрства абароны Расеі тады ў сваім паведамленьні адзначыла, што «ў якасьці кроку добрай волі» Ўзброеныя сілы Расеі завяршылі выкананьне пастаўленых задач на востраве Зьмяіны і вывелі гарнізон, які там знаходзіўся.