«Сёньня мы падпісваем супольную заяву, якая зьяўляецца сыгналам адзінства ўсіх галінаў улады і сьведчаньнем нашай рашучасьці ў дасягненьні стратэгічнай мэты Ўкраіны, а менавіта — паўнавартаснага сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.
Падпісаньне гэтай заявы мае тое самае значэньне, што і падпісаньне заяўкі на ўступленьне на пяты дзень вайны. Мы ішлі да кандыдацтва 115 дзён. І наш шлях да сяброўства ня мусіць расьцягнуцца на дзесяцігодзьдзі. Мы мусім пераадолець гэты шлях максымальна хутка. Наколькі магчыма — гэта залежыць ад нас», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, на цяпер Украіна выканала 67 % абавязкаў, прадугледжаных пагадненьнем аб асацыяцыі з Эўразьвязам, падпісаным у 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў ЭўразьвязеСтаршыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен, якая выступіла перад украінскім парлямэнтам па відэасувязі і назірала за цырымоніяй падпісаньня, у сваю чаргу адзначыла, што «Эўропа будзе стаяць за Ўкраіну столькі, колькі патрэбна», пакуль Украіна не пераможа, і падзякавала на ўкраінскай мове за магчымасьць выступіць перад дэпутатамі.
«Вы заслужылі ўхваленьне і на павагу ўсіх краін Эўразьвязу. Гэта надзвычайная прыкмета даверу. Украіна цяпер мае цалкам выразную эўрапейскую пэрспэктыву, краіна-кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз. Гэта здавалася неймаверным яшчэ пяць месяцаў таму, а сёньня мы маем нагоду адсьвяткаваць гэтую гістарычную падзею, перамогу рашучасьці, перамогу ўсяго таго руху, які пачаўся восем гадоў таму на Майдане», — заявіла Урзуля фон дэр Ляен.
«Ваш эўрапейскі шлях і аднаўленьне краіны будуць ісьці разам. Украіна будзе ў лідэрах. Патрэбныя будуць вялікія інвэстыцыі. Але каб максымізаваць іх уплыў і ўзмацніць давер бізнэсу, інвэстыцыі трэба будзе аб’яднаць з новай хваляй рэформаў», — дадала старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Францыі: уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз можа заняць 15-20 гадоў