Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Рады Бясьпекі па відэасувязі.
Ён заклікаў пазбавіць Расею права голасу ў Генасамблеі і пастаяннага членства ў Радзе Бясьпекі ААН у сувязі з тым, што Масква пастаянна парушае асноўныя прынцыпы гэтай арганізацыі і міжнароднага юрыдычнага парадку ў цэлым.
Зяленскі назваў каляніяльнай вайну, якую Расея вядзе ва Ўкраіне, і адзначыў, што Расея не павінна ўдзельнічаць у галасаваньні ААН аб гэтай вайне.
Зяленскі таксама заклікаў ААН увесьці юрыдычны статус «дзяржавы-тэрарыста».
Украінскі лідэр таксама адрэагаваў на расейскую афіцыйную вэрсію здарэньня ў Краменчуку і на вэрсіі, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ і тэлеграм-каналамі:
«Я прапаную ААН накіраваць адмысловага прадстаўніка Генэральнага сакратара або іншага прадстаўніка для таго, каб яны наведалі месца падзей у Краменчуку і маглі пацьвердзіць, ці сапраўды быў удар, нанесены расейскай ракетай», — сказаў ён.
На просьбу прэзыдэнта Ўкраіны, пасьля заканчэньня ягонага выступу Рада Бясьпекі ААН ушанавала хвілінай маўчаньня памяць ахвяраў расейскага ракетнага нападу ў Краменчуку.
Да пачатку пасяджэньня шэсьць чальцоў Рады Бясьпекі — ЗША, Альбанія, Вялікая Брытаніі, Ірляндыя, Нарвэгія і Францыя — выступілі са спэцыяльнай заявай, у якой рашуча асудзілі актывізацыю расейскіх ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны, па яе жылых кварталах і аб’ектах цывільнай інфраструктуры ў пэрыяд з 25 па 27 чэрвеня 2022 году. Асобна адзначаецца факт гібелі мірных жыхароў у выніку гэтых удараў.
Краіны, якія падпісалі заяву, падкрэсьлілі неабходнасьць правядзеньня абʼектыўнага, прафэсійнага і незалежнага расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці тых, хто парушае міжнароднае гуманітарнае права і зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне вызначылі расейскіх лётчыкаў, якія бамбілі Крамянчук, і завялі на іх крымінальную справу- 27 чэрвеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 20 чалавек, 59 пацярпелі, яшчэ каля 40 прапалі бязь вестак. Да гэтага моманту ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы.
- Міністэрства абароны Расеі амаль праз суткі прызнала, што ракетны ўдар па Краменчуку, ад якога загінулі мірныя жыхары, наведнікі гандлёвага цэнтру, нанесьлі расейскія вайскоўцы.
- Пры гэтым у зводцы расейскага міністэрства сьцьвярджаецца, што ўдар быў нанесены «высокадакладнай зброяй» па вайсковым аб’екце — «ангарах з узбраеньнем і боепрыпасамі, якія паступілі ад ЗША і эўрапейскіх краін у раёне Крамянчуцкага заводу дарожных машын».
- У ходзе экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН гэтую вэрсію Мінабароны паўтарыў афіцыйны прадстаўнік Расеі.