Адказ на гэтае пытаньне шукала і знайшла каманда журналістаў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ).
БРЦ атрымаў дадзеныя аб дубайскай нерухомасьці ад амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі C4ADS, якая вывучае міжнародныя злачынствы і канфлікты.
У дубайскай базе выявілася больш за 130 беларусаў. Яны валодаюць 220 аб’ектамі нерухомасьці на 60 мільёнаў даляраў.
Вось некаторыя пэрсанажы з гэтай базы.
Дзьмітры Кірылаў
Бізнэсовец Дзьмітры Кірылаў працаваў у беларускай кампаніі «Эўратарэкс», якая рабіла тканыя мяхі для цукровых заводаў. Ён таксама быў дырэктарам «Беларускай цукровай кампаніі». Яе заснавалі ў Маскве чатыры беларускія цукровыя заводы для продажу сваёй прадукцыі на расейскім рынку.
У пачатку 2020 году Кірылава злавілі на хабарах. КДБ паведаміў, што затрымаў яго і дырэктараў чатырох цукровых заводаў. Іх абвінавачвалі ў махінацыях з пастаўкамі цукру і мяхоў для яго.
У Дубаі на бізнэсоўца і яго былую жонку запісаная кватэра агульнай плошчай 81 квадратны мэтар, якую ацэньваюць у 129 тысяч долараў. Апартамэнты знаходзяцца ў недабудаваным жылым комплексе. Былая жонка Кірылава Кацярына сказала, што ня мае ніякай інфармацыі наконт нерухомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Levi’s, кёрлінг, НАК. Што вядома пра фігуранта «цукровай справы» Дзьмітрыя КірылаваДзьмітры Хадкевіч
Дзьмітры Хадкевіч, паводле інфармацыі «Кібэрпартызанаў», працаваў намесьнікам дырэктара і намесьнікам старшыні праўленьня ў кампаніі «Белтэхэкспарт». Гэта буйны экспартэр беларускіх узбраеньняў, які неаднойчы трапляў пад заходнія санкцыі.
Дзмітрый Хадкевіч у размове БРЦ сказаў, што ўжо як мінімум дзесяць гадоў ня мае дачыненьня да «Белтэхэкспарту». Пазьней удакладніў, што не працуе там з 2003 году. Але, згодна з гадавым справаздачамі, бізнэсовец быў дырэктарам Beltechexport India Private Limited з 2009 па 2018 год.
Акрамя таго ў Беларусі Хадкевічу належыць кампанія «ТМЛ Інжынірынг».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыіРаней яна называлася «Белтэх Аптронікс» і займалася распрацоўкай прадукцыі падвойнага і вайсковага прызначэньня. Кампанія ўваходзіла ў склад зброевага холдынгу разам з «Белтэхэкспартам», які пасьля задушэньня пратэстаў 2020 году чарговы раз трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША.
Хадкевіч запэўніў, што ня мае дачыненьня да гандлю зброяй і да Беларусі. Па словах бізнэсоўца, ён ужо даўно жыве за мяжой. У Дубаі яму належыць чатыры кватэры агульнай плошчай 330 квадратных мэтраў. Апартамэнты знаходзяцца ў комплексе Jumeirah Lakes Towers, які складаецца з 80 вежаў, пабудаваных па краях трох штучных азёраў. Ацэначны кошт нерухомасьці Хадкевіча — 776 тысяч долараў.
Аляксей і Дзьмітрый Алексіны
Алексіны кантралююць амаль палову тытунёвага рынку Беларусі, разам з партнэрамі маюць асаблівыя прывілеі ў лягістыцы, выпускаюць каўбасы, займаюцца гатэльным і гульнявым бізнэсамі.
У Абʼяднаных Арабскіх Эміратах зарэгістраваная кампанія, празь якую ішлі кантрабандныя пастаўкі беларускіх цыгарэтаў у Расею. Разам з тым у дубайскай базе за Аляксеем Алексіным значацца двухспальныя апартамэнты агульнай плошчай 144 квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Алексін дарыў Лукашэнку, як атрымаў свой капітал і чаму яго абараняла Латвія? РасьсьледаваньнеАцэначны кошт нерухомасьці — 568 тысяч даляраў. На ягонага сына Дзьмітрыя Алексіна запісаная віла на суму больш за 2,6 мільёна даляраў. Усе абʼекты знаходзяцца на астравах Палм-Джумэйра. На Захадзе Алексіна-старэйшага лічаць гаманцом Лукашэнкі і наклалі на бізнэсоўца і ягоныя кампаніі санкцыі. Абмежаваньні ЭЗ распаўсюджваюцца і на Дзьмітрыя Алексіна.