Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў: «Гэтая эскаляцыя — жахлівае злоўжываньне дзяржаўнай уладай, і яна падкрэсьлівае зьняважлівае стаўленьне рэжыму Лукашэнкі да журналістаў, якія агучваюць праўду. Мы працягваем патрабаваць неадкладнага вызваленьня Ігара з турмы, каб ён мог узьяднацца са сваёй жонкай і дачкой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Сапелка: «Праз статус „тэрарыстаў“ ціснуць на Ціханоўскага і Лосіка будуць яшчэ мацней»Ігар Лосік — адміністратар суполкі «РБ головного мозга» і журналіст Радыё Свабода. На яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») і асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня. У чэрвені прайшло 2 гады з моманту затрыманьня Ігара.
Таксама ў сьпіс дадалі Сяргея Ціханоўскага — відэаблогера, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни». Ціханоўскі зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы. У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПу.
Яму выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і прысудзілі 18 гадоў узмоцненага рэжыму.
Агулам у сьпіс дадалі 23 чалавек. Акрамя Лосіка і Ціханоўскага, гэта зьняволеныя Аляксандар Курганскі, Яўген Нарэйка, Павал Кавальчук, Аліна Забаштанская, Павал Вінаградаў, Дзяніс Карабан, Сяргей Ляхновіч, Юры Багдановіч, Аляксей Мельнікаў, Руслан Парфёнаў, Аляксей Грыцкевіч, Уладзімір Гарох, Леанід Герасімлюк, Андрэй Крылоў, Андрэй Аўсіевіч, Валянцін Панасік, Дзмітры Мелянчук, Руслан Садоўнічы, Яўген Збароўскі, Васіль Дземідовіч.
Таксама ў сьпіс дадалі былога палітвязьня Дзяніса Кірэшчанку, які 30 кастрычніка 2021 году выйшаў на волю з ПК № 1.
Усяго пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», КДБ унёс каля 80 беларусаў.