У судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд Ігару Карпіцкаму, абвінавачанаму паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Тацяна Шоцік, піша «Вясна».
Ігару Карпіцкаму выставілі абвінавачваньні ў:
- «абразе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу);
- «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК);
- «гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненьні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі» (часткі 1 і 2 арт. 366 КК);
- «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Згодна з абвінавачваньнем, Карпіцкі паслаў на электронную пошту афіцыйнага інтэрнэт-парталу Лукашэнкі некалькі паведамленьняў, у тэксьце якіх выказаў пагрозы гвалту ў дачыненьні Лукашэнкі. Таксама ён даслаў паведамленьне, у якім выказаў абразы Івану Кубракову і Дзьмітрыю Балабу — вядомым камандзірам сілавікоў.
Таксама ён даслаў «паведамленьне з пагрозамі гвалту, зьнішчэньня і пашкоджаньня маёмасьці» супрацоўнікам Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.
Паводле заключэньня мэдычнай экспэртызы, у пэрыяд зьдзяйсьненьня злачынстваў Карпіцкі пакутаваў на псыхічнае захворваньне, але мог усьведамляць фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі. Патрэбы ў прымусовых мерах бясьпекі і лячэньня ён ня мае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэртка фонду Маршала: У пытаньні палітвязьняў курс Лукашэнкі дыктуе ня Крэмль, а сілавікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: на «хатнюю хімію» асудзілі жанчыну, якая заблякавала рух міліцыянтам дзіцячым вазком