Прэзыдэнт Літвы: Ні пра якія «калідоры» гаворкі быць ня можа, як і пра саступкі Расеі ў адказ на пагрозы Крамля

Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што літоўскі ўрад павінен неадкладна пачаць кансультацыі з Эўракамісіяй аб выкананьні санкцый у дачыненьні калінінградзкага транзыту.

«Урад павінен неадкладна пачаць кансультацыі з Эўракамісіяй, каб уведзеныя санкцыі ня шкодзілі інтарэсам Літвы або міжнародным пагадненьням. Толькі сумеснымі намаганьнямі мы зробім санкцыі супраць краіны-агрэсара балючымі», — напісаў Гітанас Наўседа пасьля вяртаньня з пасяджэньня Эўрапейскай рады ў Брусэлі.

Літоўскі прэзыдэнт паведаміў, што абмяркоўваў са старшынёй Эўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен пытаньне транзыту і адзначыў, што Літва ня пойдзе на саступкі Расеі.

«Літва павінна захоўваць кантроль за таварамі, якія перавозяцца празь яе тэрыторыю, і ні пра якія „калідоры“ гаворкі быць ня можа, як і пра саступкі Расеі ў адказ на пагрозы Крамля», — сказаў прэзыдэнт.

Пасьля ўступленьня ў сілу санкцый Эўрапейскага зьвязу на мінулым тыдні Літва абмежавала транзыт групы санкцыйных тавараў у Калінінград, спасылаючыся на ўдакладненьні ЭЗ. Пасьля гэтага расейскія ўлады пачалі пагражаць пэўнымі мерамі ў адказ, але канкрэтыкі не прывялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як NATO адкажа на расейскія пагрозы Літве? Меркаваньні літоўскага палітоляга
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея часткова прыпыніла транзыт грузаў празь Беларусь у Польшчу