Эрнэст Ялугін — беларускі празаік, публіцыст, журналіст. Нарадзіўся 19 лістапада 1936 году ў вёсцы Асінаўка Дубровенскага раёну. Сябра Саюза пісьменьнікаў Беларусі (1972), сябра Саюза журналістаў Беларусі (1958).
Ён працаваў у крычаўскай, мсьціслаўскай раённых газэтах, салігорскай шматтыражнай газэце «За коммунистический труд», адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газэты «Знамя юности». Пасьля перайшоў у рэдакцыю «Сельской газеты», дзе працаваў разьязным карэспандэнтам газэты (1966–1969).
З 1969 году працаваў карэспандэнтам газэты «Літаратура і мастацтва». У 1972–1976 гадах — на творчай рабоце. З 1976 году літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намесьнік галоўнага рэдактара ў часопісе «Нёман». У 1991–1997 гадах — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Наша слова».
Эрнэст Ялугін — аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: Васіля Быкава, Аляксандра Міронава, Адама Мальдзіса, Міколы Улашчыка; дакумэнтальнай аповесьці пра жыцьцё і дзейнасьць Цішкі Гартнага «Без эпітафіі», пра аднаго зь першадрукароў Пятра Мсьціслаўца («Мсьціслаўцаў посах»), сцэнароў дакумэнтальных фільмаў «Мсьціслаў: зьвеньні часу», «Без эпітафіі», зборніка нарысаў «Саленая плянэта».
Пісаў аповесьці, раманы на гістарычную і сучасную тэматыку: «Камяні Млечнага шляху», «Апошні князь», «Астравы», «Год-другі ў Алжыры», «Сьвечкі на Дзяды» (1991), «Ідзі і кажы» (2006), «А потым — рай» (2008).