Сьледчы камітэт Беларусі на нядаўняй сустрэчы з ірацкай дэлегацыяй перадаў прадстаўнікам краіны паказаньні польскага дэзэрціра Эміля Чэчкі, які заяўляў пра «масавыя расстрэлы і таемныя пахаваньні забітых уцекачоў у прымежнай зоне», якія нібыта чынілі польскія памежнікі. У Іраку заявілі аб тым, што ніякіх доказаў «масавых пакараньняў сьмерцю мігрантаў на беларуска-польскай мяжы» няма.
Прадстаўнік МЗС Іраку Ахмед Ас-Сахаф патлумачыў, што няма ніякіх дакумэнтальных ці юрыдычных сьведчаньняў злачынстваў, пра якія ідзе гаворка. Пра гэта паведамляе Ірацкае інфармацыйнае агенцтва INA.
«7 лютага 2022 году пасольства пачало каардынацыю і расьсьледаваньне на высокім узроўні праз адпаведныя органы ў Польшчы, і было даказана, што навіны, апублікаваныя замежнымі і мясцовымі СМІ, былі несапраўднымі», растлумачыў Сахаф.
Ён удакладніў, што ніводзін грамадзянін Іраку не падаваў скаргі на тое, што было згадана ў навінах, і нагадаў, што ўрад Іраку раней сфармаваў «спэцыялізаваную юрыдычную групу, якая займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, і яна прадставіць сваю справаздачу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі дэзэртыр Эміль Чэчка паведаміў, што падаў заяву ў Гааскі трыбунал