Статус кандыдата прадугледжвае гарманізацыю нацыянальнага заканадаўства з агульнаэўрапейскім у некалькіх дзясятках галін — ад процідзеяньня карупцыі да сельскай гаспадаркі.
Час, які можа прайсьці да ўступленьня, даволі вялікі: Турцыя атрымала статус кандыдата ў 1999 годзе, Паўночная Македонія ў 2005, Чарнагорыя ў 2010, Сэрбія ў 2012, Альбанія ў 2014.
Апошняй краінай, якая далучылася да ЭЗ, стала Харватыя. Яна атрымала статус кандыдата ў 2004 годзе, а стала паўнапраўным чальцом Эўразьвязу толькі ў 2013.
ЭЗ запатрабуе ад Украіны сем найважнейшых рэформаў: правесьці зьмены ў Канстытуцыйным судзе, давесьці да канца судовую рэформу, узмацніць барацьбу з карупцыяй, забясьпечыць барацьбу з адмываньнем грошай, прыняць антыалігархічны закон, прыняць закон аб мэдыях і зьмяніць заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях. Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, то Ўкраіна можа страціць статус кандыдата.