Пра гэта гаворыцца ў прынятай 23 чэрвеня рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту наконт заявак Украіны, Малдовы і Грузіі на атрыманьне статусу краін — кандыдатаў у члены ЭЗ.
«Народы Ўкраіны, Малдовы і Грузіі на працягу многіх гадоў пасьлядоўна дэманстравалі непахісную падтрымку эўрапейскага курсу сваіх краін, прытрымліваючыся эўрапейскіх прынцыпаў і каштоўнасьцяў, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Падобныя імкненьні жыць у свабоднай, сувэрэннай і дэмакратычнай краіне выказвае большасьць жыхароў Беларусі, што выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, які карыстаецца расейскай падтрымкай».
- Эўрапарлямэнт заклікаў лідараў краін ЭЗ падчас пасяджэньня Эўрапейскай рады 23–24 чэрвеня «неадкладна надаць Украіне і Малдове статус кандыдатаў у члены ЭЗ, а Грузіі надаць такі ж статус пасьля таго, як урад гэтай краіны выканае свае абавязаньні».
- Раней беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала ЭЗ прапісаць у дакумэнтах, зьвязаных з патэнцыйным членствам згаданых краін у саюзе, магчымасьць для беларусаў мець «эўрапейскую пэрспэктыву пасьля дэмакратычных перамен».