Прычына – вайна ва Ўкраіне. Пра свой сыход амэрыканская кампанія Cisco абвясьціла ў прэс-рэлізе 23 чэрвеня.
«Ад моманту нашай абʼявы 3 сакавіка мы працягвалі ўважліва сачыць за вайной ва Ўкраіне. Цяпер мы прынялі рашэньне пачаць плянамернае згортваньне нашага бізнэсу ў Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве Cisco.
Cisco паабяцала падтрымку супрацоўнікам у Беларусі і Расеі, якіх закране сыход кампаніі.
- Cisco вырабляе, сярод іншага, маршрутызатары, Wi-Fi-роўтэры, сыстэмы відэаназіраньня, абсталяваньне для IP-тэлефаніі, ATM-камутатары, прадукты сеткавай бясьпекі, плятформы аптычнай камутацыі, праграмнае забесьпячэньне для кіраваньня сецівам, сэрвэры. Гэта адна з найбуйнейшых у сьвеце кампаній, якія спэцыялізуюцца ў галіне высокіх тэхналёгій.
- Калі ў 2014 годзе ЗША і ЭЗ увялі санкцыі супраць Расеі пасьля далучэньня Крыму і абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, амэрыканскую кампанію Cisco абвінавацілі ў тым, што яна пастаўляла сваю прадукцыю Мінабароны Расеі і ФСБ у абыход санкцый. Аднак прадстаўнікі Cisco Systems адкінулі тады ўсе абвінавачаньні.
- Раней пастаўкі ў Беларусь прыпынілі найбуйнейшыя ў сьвеце вытворцы высокатэхналягічнай прадукцыі. Зь беларускага рынку сышлі распрацоўшчык антывіруснага ПЗ Avast і міжнародны распрацоўшчык антывірусных рашэньняў для дому і бізнэсу ESET.