У паліцыі Ўкраіны паведамілі, што ў грамадзяніна Беларусі на Валыні сканфіскавалі зброю і «сымболіку злачыннага рэжыму»

Ілюстрацыйнае фота

Начальнік дэпартамэнту арганізацыйна-аналітычнага забесьпячэньня і апэратыўнага рэагаваньня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Аляксей Сяргееў заявіў аб правядзеньні вобшуку па месцы жыхарства грамадзяніна Беларусі ў Валынскай вобласьці.

«19 чэрвеня на Валыні, у Ковельскім раёне, у часе вобшукаў па месцы часовага пражываньня грамадзяніна Рэспублікі Беларусь выяўлена і сканфіскавана вінтоўка, ППШ-41, тратылавыя шашкі, порах, тапаграфічныя мапы, патроны, глушыльнік, прылада для вырабу патронаў і сымболіка з прапагандай злачыннага рэжыму», — паведаміў Аляксей Сяргееў 23 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

У той жа час прадстаўнік паліцыі не ўдакладніў, на падставе якіх прычын было ўхвалена рашэньне аб правядзеньні вобшуку ў беларуса і ці затрыманы ён пасьля гэтых працэсуальных дзеяньняў.

Аляксей Сяргееў таксама не паведаміў, дзе цяпер знаходзіцца грамадзянін Беларусі і якая менавіта сымболіка злачыннага рэжыму была выяўлена.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генштабе Ўкраіны сьцьвярджаюць, што ў Гомельскай вобласьці рыхтуюць тэрыторыю для стварэньня расейскай вайсковай базы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі заклікалі грамадзян Украіны адмовіцца ад наведваньня беларускіх лясоў для збору ягад