«Быў вечаровы час, гадзіна 19-я. У двары тузалася кампанія. Не майстры спорту, я асабліва не глядзела. Потым пачуўся характэрны грукат, аднак таксама не асабліва зацікавіў. Але пасьля прыехала хуткая, вывалілі мэдыкі, атачылі падлетка на зямлі — сталі апрацоўваць нагу аднаму з удзельнікаў тузаніны. Я б сказала, што з выгляду яму было гадоў 16. Апрацоўвалі яму верхнюю частку нагі», — расказала выданьню сьведка падзей.
Па яе словах, потым прыехала міліцыя і забрала малалетніх удзельнікаў здарэньня. Аднак таго, хто страляў, не забралі — ён нейкі час яшчэ хадзіў па раёне.
«Можа, шукаў іншых удзельнікаў. Бо, як стала зразумела ў далейшым (але гэта могуць быць і чуткі), тузаніна была паміж падлеткамі і супрацоўнікам нейкага сілавога ведамства, які ў выніку стрэліў з траўматычнага пісталета ў нагу гэтаму пацану», — паведамілі сьведкі «Нашай Ніве».
Неўзабаве ў чаце комплексу зьявілася інфармацыя пра тое, што да гэтага здарэньня можа мець дачыненьне былы кіраўнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын, які цяпер узначальвае Дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ГУБАЗіК. Паводле некаторых зьвестак, ён жыве ў гэтым комплексе.
У чаце сьцьвярджаецца, што ён вырашыў «пры дапамозе кулакоў павучыць жыцьцю групу маладых суграмадзян, якія разьмясьціліся каля пад'езда». Тыя пачалі яму пярэчыць, і мужчына нават «паляцеў у накдаўн». Не знайшоўшы іншых варыянтаў, ён ужыў зброю, цытуе zerkalo чат.
Падобную вэрсію расказвае і тэлеграм-канал «Позірк»
У Дэпартамэнце забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС заявілі сайту zerkalo, што Андрэй Паршын у адпачынку. Сам інцыдэнт там не пракамэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» абвалілася галерэя. Зьвестак пра пацярпелых няма