Расейскія вайскоўцы праводзяць вучэньні, падчас якіх імітуюць ракетныя ўдары па эстонскай тэрыторыі. Пра гэта 22 чэрвеня заявіў канцлер Міністэрства абароны Эстоніі Кусьці Салм у інтэрвію фінскай газэце Iltalehti.
«Расейскія гелікоптэры ўчынілі некалькі парушэньняў мяжы. Гаворка ідзе не пра караблі за пяцьдзясят міляў ад берага ці пра самалёты, а пра гелікоптэры. Гелікоптэр не перасякае мяжу выпадкова», — сказаў Салм.
Міністэрства абароны Эстоніі лічыць сытуацыю дастаткова сур’ёзнай і зьвязвае частыя выпадкі расейскай актыўнасьці на мяжы з самітам NATO, які павінен прайсьці на наступным тыдні ў Гішпаніі, піша Bloomberg. На гэтым саміце павінен быць ухвалены чарговы пакет дапамогі Ўкраіне.
- 10 чэрвеня пасла РФ выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Эстоніі за словы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра эстонскі горад Нарву. Выступаючы перад маладымі прадпрымальнікамі, Пуцін сказаў, што Пётр I у гады Паўночнай вайны са Швэцыяй «вяртаў» тэрыторыі, а не «адрываў» іх ад Швэцыі. «Тое ж самае і ў заходнім напрамку, гэта тычыцца Нарвы», — сказаў Пуцін, дадаўшы, што Пётр I «вяртаў і ўмацоўваў» тэрыторыі і што Расеі таксама давядзецца «вяртаць і ўмацоўваць» іх.
- 21 чэрвеня МЗС Эстоніі ўручыла расейскаму паслу ноту пратэсту ў сувязі з парушэньнем паветранай мяжы 18 чэрвеня.