«Некаторыя афрыканскія краіны ўвозяць больш калію зь Беларусі, чым раней. Гэта значыць, у некаторыя краіны ўвоз большы, у некаторыя — меншы. Але гэта зноў-такі азначае, што гэта не зьвязана з нашымі санкцыямі», — сказаў Жузэп Бурэль на прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін ЭЗ 20 чэрвеня ў Люксембургу.
Паводле яго, ЭЗ сочыць за сытуацыяй з увозам харчаваньня і ўгнаеньняў у краіны Афрыкі, каб «выявіць праблему, калі такая ёсьць, і вырашыць яе».
У 2021 годзе ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненьні да беларускага вытворцы калійных угнаеньняў «Беларуськалій». У студзені 2022 году нарвэскі пастаўшчык калію Yara аб’явіў аб спыненьні супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» праз уплыў заходніх санкцый. 1 лютага спыніўся экспарт калійных угнаеньняў праз порт Клайпеда (Літва).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Захад можа прыпыніць санкцыі супраць беларускага калію, калі ўлады Беларусі пагодзяцца на транзыт украінскага збожжаБеларускія ўлады актыўна спэкулююць на тэме будучага сусьветнага голаду, спрабуючы дабіцца зьняцця сэктаральных санкцый, у тым ліку калійнай галіны.
- 17 траўня стала вядома, што генсакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак.
- У сярэдзіне траўня Турэччына заявіла пра пачатак перамоваў з Расеяй і Ўкраінай аб транзыце ўкраінскага збожжа праз турэцкія марскія парты. Турэччына прапанавала Расеі адкрыць два гуманітарныя марскія калідоры ў Чорным і Азоўскім марах. Але пакуль пра вынікі гэтых перамоваў невядома.
- 21 траўня ЗША паведамілі, што разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і шэраг бізнэс-асацыяцый, якія займаюцца пастаўкамі збожжа.
- 2 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская накіравала лісты генсакратару ААН, прэзыдэнту ЗША і старшыні Рады Эўропы адносна ініцыятывы па зьняцьці санкцый у абмен на згоду Лукашэнкі дазволіць транзыт збожжа празь Беларусь. Паводле Ціханоўскай, прапанова ААН ня вырашыць праблемы з харчовым крызісам, але адцягне ўвагу ад сапраўднай прычыны магчымага дэфіцыту — вайны Расеі супраць Украіны — і толькі надасьць упэўненасьці Пуціну і Лукашэнку, каб «працягваць беззаконныя і амаральныя паводзіны супраць Украіны, Беларусі і іншых краін рэгіёну».
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.