Ціханоўскую прыме галава Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Тыні Кокс, пасьля чаго яна выступіць на пленарным паседжаньні гэтай арганізацыі. Таксама ў лідэркі беларускай апазыцыі адбудзецца сустрэча з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч.
У гэты ж дзень Ціханоўская правядзе перамовы зь міністрам замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста, фінскім палітыкам Кіма Кільюненам, міністаркай замежных спраў Косава Данікай Гервалай і прэм’ер-міністаркай Ісьляндыі Катрын Якабсдоттыр.
Таксама зь Ціханоўскай заплянаваныя сустрэчы з групамі сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў і лібэралаў у Эўрапарлямэнце.
У Страсбур Сьвятлана Ціханоўская прыбудзе з Брусэля, дзе адбылася міжнародная канфэрэнцыя Каліноўскага, якую арганізоўваюць Эўрапейскі парлямэнт і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Ініцыятыва належыць Аньне Фатызе — эўрадэпутатцы і былой міністарцы замежных спраў Польшчы, і Жыгімантасу Павілёнісу — старшыні Форуму Каліноўскага, што ўжо некалькі гадоў адбываецца ў Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з Баракам Абамам