Паводле выданьня, Памежная служба ў сваіх паведамленьнях значна перабольшвае маштабы міграцыі на мяжы зь Беларусьсю.
Гіганцкая розьніца ў дадзеных
У студзені на сайце Памежнай службы зьявілася паведамленьне, паводле якога летась польска-беларускую мяжу спрабавалі перасекчы 39 697 грамадзян трэціх краін. У той жа час Frontex — агенцтва ЭЗ па зьнешніх межах супольнасьці і саюзьнікаў — сьцьвярджае, што за ўвесь 2021 год толькі 8099 грамадзян трэціх краін перасеклі ўсе ўсходнія межы ЭЗ, за выключэньнем памежных пераходаў. Гэта ў пяць разоў менш.
Усходняя сухапутная мяжа Эўразьвязу, пра якую кажа ў сваіх дадзеных Frontex, — гэта лінія ў 6000 кілямэтраў. Яна злучае межы Нарвэгіі (не ў ЭЗ, але супрацоўнічае з Frontex), Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Славаччыны, Вугоршчыны і Румыніі — з Расеяй, Беларусьсю, Украінай і Малдовай. Польска-беларуская мяжа — гэта толькі невялікая яе частка.
Журналіст газэты Яраслаў Копэць папрасіў абедзьве ўстановы патлумачыць гэтую неадпаведнасьць. «І выявілася, што справа ў іншым — у чымсьці, што можа быць альбо памылкай, альбо проста хлусьнёй», — піша журналіст.
Як лічыць Памежная служба
Выданьне спытала Frontex, адкуль узялася неадпаведнасьць. Справа ў тым, што гэтая ўстанова атрымлівае дадзеныя ўстаноў у асобных дзяржавах-чальцах, таму яны ня могуць адрозьнівацца ад нацыянальных дадзеных. Там адказалі, што памежная служба падала ня колькасьць людзей, а колькасьць спробаў перасячэньня мяжы. Для далейшых тлумачэньняў прэс-сакратар Frontex накіраваў польскую газэту ў Памежную службу.
Пасьля перапіскі з выканаўцай абавязкаў прэс-сакратаркі Памежнай службы Польшчы Ганны Міхальскай сытуацыя праясьнілася.
Называючы лічбу 39 697 чалавек, ПС ня мела на ўвазе колькасьць канкрэтных асобаў (хоць у паведамленьнях яны пісалі, што гэта менавіта колькасьць грамадзянаў). Гэта была колькасьць спробаў перасячэньня мяжы па-за памежнымі пераходамі.
Што маецца на ўвазе пад гэтым тэрмінам? Паводле тлумачэньняў памежнікаў, у гэтую лічбу ўваходзяць нават такія выпадкі, калі нехта проста стаяў на беларускім баку мяжы і быў папярэджаны польскімі памежнікамі, што яго ня ўпусьцяць. Нават калі такі мігрант сыходзіў ад мяжы, не спрабуючы яе перайсьці, ён усё роўна залічваўся ў статыстыку.
Як патлумачыла прэс-сакратарка Памежнай службы, часам такія групы былі даволі шматлікія. Па меры таго як удзельнікі такіх груп разыходзіліся і спрабавалі перасекчы мяжу меншымі групамі, іх зноў падлічылі. Калі іх прымусова адпраўлялі на мяжу пасьля пераходу, часам па некалькі разоў, яны зноў рэгістраваліся як чарговая спроба.
Прадстаўніца Памежнай службы паведаміла, што «качавыя групы», такія як каля пераходу ў Кузьніцы, і людзі, якія спрабавалі прарвацца празь мяжу, ня ўлічваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біцьцё, голад, згвалтаваньне, сьмерць. Што адбывалася ў беларускім лягеры для мігрантаў і на мяжы, паводле справаздачы Human Rights WatchДык колькі было мігрантаў на беларуска-польскай мяжы
Gazeta Wyborcza пацікавілася ў памежнікаў пра грамадзянства людзей, якіх затрымалі памежнікі ў 2021 годзе.
«У 2021 годзе пасьля перасячэньня зялёнай мяжы зь Беларусьсю супрацоўнікі памежнай службы затрымалі 2744 мігранты, у асноўным з Іраку (1557), Афганістану (447), Сырыі (269), Расеі (69), Самалі (68), Ірану (55), Турэччыны (54) і Таджыкістану (51) і іншых грамадзянстваў (адзінкавыя выпадкі)».
З гэтых дадзеных выданьне робіць выснову, што ўсіх мігрантаў было ня менш за 2777 чалавек (столькі чалавек затрымалі супрацоўнікі памежнай службы). Максымум — 8099 (такую лічбу паведамляе Frontex), але гэтая лічба датычыць усёй усходняй мяжы ЭЗ і партнэраў.
«Ёсьць, вядома, імавернасьць, што гэтых людзей было больш. Афіцэры маглі заўважыць ня ўсіх. Аднак колькасьць спробаў незаконных парушэньняў, прыведзеная на сайце Памежнай службы як колькасьць грамадзян, не адпавядае рэчаіснасьці». — падсумоўвае Gazeta Wyborcza.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі дзясяткаў мігрантаў штодня спрабуюць незаконна трапіць зь Беларусі ў Польшчу