Згодна з прыблізнымі падлікамі Dev.by, з восені 2020 году Беларусь маглі пакінуць ад 16 да 23 тысяч айцішнікаў.
Апошнія месяцы пра масавую рэлякацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыцьцём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt і Itransition, Playtika ды іншыя.
На адток спэцыялістаў з ІТ-сэктару Беларусі паказвае статыстыка найму і звальненьняў, адзначае выданьне. За студзень–красавік 2022 году з ІТ-кампаній звольнілася больш за 3 тысячы чалавек — напалову больш, чым працаўладкавалася.
Пры гэтым афіцыйная статыстыка аб колькасьці ІТ-спэцыялістаў у ПВТ апошні раз публікавалася ў траўні 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «палітыка ня наша справа» да «пакінем абедзьве краіны». Як ІТ-кампаніі сыходзяць зь БеларусіЗа аснову сваіх падлікаў dev.by узяў найбольш папулярныя сярод рэлякантаў краіны:
- Польшчу,
- Украіну (да вайны),
- Грузію,
- Узбэкістан,
- Літву.
Так, высьветлілася, што большасьць айцішнікаў пераяжджае ў Польшчу ў рамках праграмы Poland Business Harbour. У гэтую краіну, па ацэнцы выданьня, маглі пераехаць да 8-10 тысяч ІТ-спэцыялістаў.
Да вайны многія ІТ-кампаніі Беларусі адкрывалі офісы ва Ўкраіне і перавезьлі туды частку свайго штату. Афіцыйную інфармацыю аб колькасьці рэлякантаў зь Беларусі агучыў намесьнік міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны ў кастрычніку 2020 года — 1,2 тысячы айцішнікаў пераехалі ва Ўкраіну за 2,5 месяца. На сёньня, па падліках dev.by, ва Ўкраіну маглі пераехаць да 2-4 тысяч айцішнікаў.
Столькі ж (да 2-4 тысяч) зьехалі і ў Грузію.
Узбэкістан — гэта яшчэ адзін папулярны кірунак для рэлякацыі пасьля 24 лютага. Туды, паводле зьвестак выданьня, маглі накіравацца да 2,5 тысячы ІТ-спэцыялістаў.
У Літву пераехалі да 2-3 тысяч айцішнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі айцішнікі ў Польшчу — 40 тысяч». Колькі беларусаў атрымалі гуманітарныя і рэлякацыйныя візы