Улады Беларусі заявілі, што аднавілі абмен інфармацыяй пра ўзбраеньні па лініі АБСЭ

Беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022», 10 лютага 2022

З 20 чэрвеня Рэспубліка Беларусь аднавіла вэрыфікацыйную дзейнасьць у рамках дзейных міжнародных дамоваў у галіне кантролю над узбраеньнямі.

Апавяшчэньні аб аднаўленьні вэрыфікацыі накіравалі ўсім дзяржавам –удзельніцам АБСЭ, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

«Прыняцьце рашэньняў аб забесьпячэньні замежнай інспэкцыйнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе ажыцьцяўляцца на парытэтнай аснове», — дадалі ў міністэрстве.

Вэрыфікацыйная дзейнасьць паводле Венскага дакумэнту і Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе прыпынілася на фоне пандэміі каранавірусу ў 2020 годзе. На мінулым тыдні Беларусь абвясьціла пра намер яе аднавіць. Акрамя гэтага, Мінабароны зьбіраецца запрасіць замежных вайсковых аташэ наведаць падразьдзяленьні, якія ўзмацняюць ахову мяжы.

За 2021 і 2022 гады прадстаўнікі беларускага вайсковага ведамства абмяркоўвалі праблематыку кантролю над узбраеньнямі толькі з калегамі з Латвіі. Прадстаўнікі Латвіі і Літвы прыяжджалі назіраць за вучэньнямі «Захад-2021» і «Саюзная рашучасьць – 2022» у Беларусь. Пасьля апошніх вучэньняў на тэрыторыі Беларусі засталіся расейскія войскі, якія пачалі наступ на поўнач Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь рыхтуецца ваяваць. Думка ўкраінскага вайсковага экспэрта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапавец сказаў: «Я б гэтых бандэраўцаў усіх перадушыў, а ты поскудзь». Як беларусаў рэпрэсуюць за салідарнасьць з Украінай