У Калюмбіі прэзыдэнтам упершыню абраны прадстаўнік левых сіл, былы партызан Густава Пэтра. У другім туры выбараў 19 чэрвеня ён атрымаў перамогу над мільянэрам-кансэрватарам Радольфа Эрнандэсам, атрымаўшы, паводле папярэдніх зьвестак, 50,4 працэнта галасоў, паведаміла выбарчая камісія Калюмбіі ў панядзелак, 20 чэрвеня.
У падтрымку Эрнандэса выказаліся 47,3 працэнта выбарнікаў. Радольфа Эрнандэс ужо павіншаваў Пэтра зь перамогай і выказаў гатоўнасьць канструктыўна супрацоўнічаць зь ім.
Пэтра, выступаючы перад прыхільнікамі ў сталіцы краіны Багаце, заявіў, што сёньняшні дзень зьмяніў Калюмбію, і паабяцаў праводзіць палітыку любові, разуменьня і дыялёгу.
62-гадовы Густава Пэтро ў маладыя гады далучыўся да левай паўстанцкай групоўкі М-19 і два гады правёў у турме. Пасьля ён адмовіўся ад узброенай барацьбы, працаваў дыпляматам у Бэльгіі і займаў пасаду мэра Багаты.
Пэтра ў межах перадвыбарнай кампаніі абяцаў правесьці глыбокія рэформы ў Калюмбіі і, у прыватнасьці, увесьці падатак на багацьце, прыняць надзвычайную праграму для барацьбы з голадам, адмовіцца ад нафты і газу і зрабіць стаўку на аднаўляльныя энэрганосьбіты.
Калюмбія — другая па колькасьці насельніцтва краіна Паўднёвай Амэрыкі. Большасьць 50-мільённага насельніцтва традыцыйна прытрымліваецца кансэрватыўных поглядаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі расейскую музыку і ўвоз кніг, выдадзеных па-расейску ў Беларусі