Борыс Джонсан прапанаваў плян падтрымкі Ўкраіны з чатырох пунктаў

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан наведвае выставу зьнішчанай расейскай вайсковай тэхнікі ў Кіеве разам з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім 17 чэрвеня 2022

Брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан у калёнцы ў газэце Sunday Times папярэдзіў, што неабходна рыхтавацца да працяглай вайны ва Ўкраіне, і заявіў пра неабходнасьць доўгатэрміновай стратэгіі падтрымкі Кіева ў супрацьстаяньні з Расеяй.

Ён прапанаваў плян з чатырох пунктаў, якога, на ягоную думку, павінныя прытрымлівацца краіны Захаду, каб дапамагчы Ўкраіне заключыць мір на сваіх умовах.

Галоўнай прычынай таго, што Ўкраіну неабходна падтрымліваць, нягледзячы на зьвязаныя з гэтым выдаткі і іншыя праблемы, Джонсан назваў імпэрскія амбіцыі і агрэсіўныя пляны Расеі — у тым ліку стасоўна краін Захаду. На думку Джонсана, калі б Пуціну дазволілі анэксаваць тыя ўкраінскія тэрыторыі, якія расейскія войскі займаюць зараз, Захад апынуўся бы ў небясьпецы.

«Такое непаразуменьне стала бы найвялікшай перамогай для агрэсара ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны. Мы ведаем, што Пуцін не спыніўся бы на разьдзяленьні Ўкраіны. Толькі на мінулым тыдні ён параўнаў сябе зь Пятром І і прысвоіў Расеі „вечнае права вяртаць“ тэрыторыі, якія калі-небудзь у мінулым засялялі „славяне“ — дактрына, якая апраўдвае захоп велізарных тэрыторый у Эўропе, уключаючы тэрыторыі краінаў NATO»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Вялікай Брытаніі другі раз з пачатку вайны наведаў Кіеў

Ён адзначыў пры гэтым і гераізм украінцаў у абароне сваёй краіны.

На думку Джонсана, Пуцін цяпер перайшоў да вайны на зьнясіленьне, аднак, час працуе супраць яго.

Чатыры прапановы ад Джонсана краінам Захаду

1. Забясьпечыць Украіну ўсім неабходным узбраеньнем, боепрыпасамі, а таксама навучаць украінскіх вайскоўцаў. У прыватнасьці, Брытанія прапанавала навучыць 10 тысяч вайскоўцаў цягам 120 дзён.

2. Дапамагчы Ўкраіне захаваць стабільнасьць дзяржаўных інстытутаў, каб яна магла выплачваць пэнсіі і заробкі дзяржаўным службоўцам і падтрымліваць парадак. Для гэтага неабходная фінансавая дапамога.

3. Забясьпечыць сухаземныя маршруты для экспарту ўкраінскага харчаваньня, каб Украіна магла атрымліваць даходы ад экспарту.

4. Спрыяць разблякаваньню ўкраінскіх марскіх партоў. Для гэтага Джонсан прапанаваў надаць адпаведнае ўзбраеньне Ўкраіне і прыкласьці дыпляматычныя намаганьні, у тым ліку ў ААН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джонсан выступіў за тое, каб «Эўравізія-2023» прайшла ва Ўкраіне

На думку Джонсана, мэтай краінаў Захаду павінна быць тое, каб Украіна «змагла скончыць гэтую вайну на тых умовах, якія прапануе прэзыдэнт Зяленскі».

Вялікая Брытанія — адна з краін, якія публічна найбольш выразна падтрымліваюць Украіну ў вайне з Расеяй. Прэм'ер-міністар Борыс Джонсан 17 чэрвеня наведаў Украіну ўжо ў другі раз з пачатку поўнамаштабнай вайны ў краіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.