«Лічу несправядлівым стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі», — украінскі палітоляг

Оляф Шольц, Эманюэль Макрон, Уладзімір Зяленскі, Марыё Драгі, Кляўс Яганіс, Кіеў, 16 чэрвеня 2022

У чым была мэта візыту ва Ўкраіну кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны і Італіі? Як іх паездка зьвязаная з эўрапейскімі пэрспэктывамі Ўкраіны? У чым меў, а ў чым ня меў рацыі дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Падаляк?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

Магда

  • Напярэдадні візыту шмат было словаў пра тое, што лідэры «старой Эўропы» будуць вымагаць ці то капітуляцыі, ці то аднаўленьня перамоваў з Пуціным.
  • Але ўсё аказалася наадварот. Усе госьці заявілі, што падтрымліваюць наданьне Ўкраіне статусу кандыдата ў чальцы ЭЗ.
  • Напярэдадні сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім усе госьці наведалі Ірпень, дзе захоўваюцца сьляды расейскага ўварваньня. Пасьля таго, што яны ўбачылі, заклікаць да паразуменьня з Расеяй было б занадта.

Яўген Магда

  • Супраць статусу кандыдата ў ЭЗ для Ўкраіны пярэчаць Нідэрлянды, Швэцыя і Данія. Я мяркую, што да наступнага тыдня гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае.
  • Без Украіны эўрапейскі інтэграцыйны праект ня будзе поўным.
  • Украіна ня будзе першай у чарзе на ўступленьне ў Зьвяз і атрымае статус кандыдата разам з Малдовай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон у Кіеве: Мы падтрымліваем неадкладны статус Украіны як кандыдата ў ЭЗ
  • Наколькі я ведаю, не ідзе гаворка пра фарсаванае, хуткае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ. Нямеччына дакладна не зацікаўленая ў гэтым.
  • «Ільдзіна зрушылася» хаця б у тым сэнсе, што Ўкраіна атрымлівае хоць якую зброю ад Нямеччыны. Да 24 лютага пра гэта і гаворкі не ішло.
  • Да завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны Ўкраіна ня зможа стаць ані сябрам ЭЗ, ані сябрам NATO. Сярод сябраў гэтых арганізацый знойдзецца не адна дзяржава, якая скажа, што сяброўства Ўкраіны ў арганізацыі не адпавядае яе інтарэсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Ад Украіны ня будуць дамагацца саступак Расеі
  • Прэм’ер Італіі Драгі заявіў, што Зяленскі падчас перамоваў з 4 лідэрамі эўрапейскіх дзяржаў ня вёў размовы пра дадатковыя пастаўкі зброі.
  • Зброю ва Ўкраіну пераважна пастаўляюць ЗША. Яны ў межах NATO застаюцца асноўным арсэналам дэмакратыі. ЗША паставілі Ўкраіне зброі на 4,6 мільярда даляраў.
  • Сёньня пазыцыі палітыкаў, у тым ліку і заходніх, вызначаюцца сытуацыяй на полі бою. Я не выключаю, што Расея цалкам захопіць Луганскую вобласьць, і пасьля будзе пэўная паўза ў баявых дзеяньнях. Велізарныя страты нясуць абодва бакі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя вынікі «Рамштайн-3»: Славакія перадасьць Украіне баявыя верталёты, яшчэ тры дзяржавы — артылерыю
  • У Кіеў прыехалі лідэры эўрапейскіх краінаў, а на Санкт-Пецярбурскім форуме «зоркамі» сталі кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Пушылін і Пасечнік.
  • Міхаіл Падаляк — усяго толькі дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны. Яго не выбіраў народ. Ён да 2004 году, да сваёй дэпартацыі, быў шчыльна інтэграваны ў беларускі грамадзка-палітычны працэс.
  • Я б хацеў пачуць думку пра ўкраінска-беларускія адносіны амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі значна разумнейшае», — дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк
  • Яшчэ адзін дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Аляксей Арастовіч казаў пра «смакату», якую Ўкраіна можа атрымаць ад Беларусі. Эканамічныя стасункі паміж нашымі краінамі скараціліся на 90%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляваць зь людажэрам? Двубой Лявончыка і Тышкевіча пра мараль і realpolitik
  • Паміж нашымі дзяржавамі адносіны замарожаныя. Я не магу зараз уявіць сабе тэлефонную гутарку паміж Зяленскім і Лукашэнкам, паміж Кулебам і Макеем. Але палітыкі ніколі ня кажуць «ніколі».
  • У нашых народаў мала інфармацыі адзін пра аднаго, мы вельмі часта карыстаемся інфармацыяй, якая праходзіць праз расейскі фільтар.
  • Я лічу несправядлівым стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі, якое зафіксавана ў апытаньні Сацыялягічнай групы «Рэйтынг». Паводле сёлетняга сакавіцкага апытаньня «Рэйтынгу», 84% украінцаў лічаць Беларусь варожай краінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская». Вынікі апытаньня ва Ўкраіне
  • Значная частка маіх суграмадзянаў з прычыны вайны жыве ў чорна-белым сьвеце і лічыць, што Беларусь — гэта Лукашэнка. Але гэта ня так.
  • Ня ўсе ведаюць, што сотні тысячаў беларусаў не жывуць у Беларусі, бо не знаходзяць супольнай мовы з Лукашэнкам. Яны ня ведаюць, што ў Беларусі больш за тысячу палітвязьняў. Яны не разумеюць, чаму раней у нас было адно стаўленьне, а цяпер зусім іншае.