44 выпадкі катаваньняў. БАЖ апублікаваў даклад пра злачынствы беларускай улады супраць журналістаў

Параненая журналістка Натальля Лубнеўская, 10 жніўня 2020 г.

Беларуская асацыяцыя журналістаў у супрацоўніцтве з International Accountability Platform for Belarus апублікавала даклад пад назвай «Злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі: журналісты».

Як паведамляецца, пры падрыхтоўцы дакладу сабрана важная фактычная інфармацыя ня толькі на аснове аналізу дадзеных адкрытых крыніц, але і па выніках спэцыяльна праведзенага анкетаваньня.

«Фактычна аўтарамі дакладу праведзена самастойнае незалежнае расьсьледаваньне, безь якога перасьлед вінаватых у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці і іх пакараньне ў крымінальна-прававым парадку немагчымыя», — сьцьвярджаюць аўтары дакладу.

Некалькі самых істотных сьцьвярджэньняў і лічбаў з дакладу:

  • у 2020 годзе былі зафіксаваныя сотні выпадкаў адвольнага затрыманьня журналістаў;
  • у 2021 годзе нэгатыўная атмасфэра ў дачыненьні да незалежнага мэдыясэктару ў Беларусі толькі пагоршылася — узмацненьне жорсткасьці прававога рэгуляваньня прывяло да масавай практыкі прызнаньня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ;
  • у 2021 годзе крыміналізацыя дзейнасьці незалежных журналістаў дасягнула беспрэцэдэнтных маштабаў — пад крымінальным перасьледам знаходзілася больш за 60 прадстаўнікоў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты рэжым я перажыву». Расказваем пра асуджаную на «хімію» рэдактарку «Новага часу» Аксану Колб, якая мае 4 сабак і будуе саламяны дом

Наступныя дзеяньні, паводле дакладу, што грунтуецца на маніторынгу адкрытых крыніц і анкетаваньні, могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасьці ў сэнсе артыкула 7 Рымскага статуту:

  • катаваньні (44 рэспандэнты-ахвяры);
  • жорсткае пазбаўленьне волі з парушэньнем асноўных нормаў міжнароднага права (35 рэспандэнтаў-ахвяр);
  • палітычна матываваны перасьлед (79 дзеяньняў перасьледу, ахвярамі якіх сталі 53 рэспандэнты).

Даклад цалкам тут.