Паводле інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі ўжо пяць дзён трымае сухую галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
32-гадовага Барыса Жахоўскага затрымалі ў сярэдзіне траўня ў Наваполацку на працоўным месцы. Першы суд над ім адбыўся 16 траўня. Судзьдзя Вольга Баліка асудзіла Жахоўскага на 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Аднак на волю Барыс ня выйшаў — на яго склалі новы пратакол паводле арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак.
16 чэрвеня Жахоўскага асудзілі трэці раз запар. Гэтым разам судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаваньні» (арт. 24.23 КаАП) і арыштавала яго зноў на 15 сутак. Агулам Жахоўскага будуць утрымліваць за кратамі 45 дзён.
Сухая галадоўка — адмова ад прыняцьця ня толькі ежы, але і вады, што можа нэгатыўна адбіцца на здароўі чалавека. Яна садзейнічае паскоранаму зьяўленьню ўскладненьняў, бо таксычныя прадукты не выводзяцца з арганізму. Паводле мэдыкаў, чалавек без вады можа пражыць у сярэднім каля 10–14 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч — 74 дні, Казулін — 53, Лосік — 42. Найгучнейшыя і пасьпяховыя галадоўкі ў гісторыі Беларусі