Расейская даччыная кампанія Google падала ў Арбітражны суд Масквы заяву аб уласным банкруцтве. На картку справы зьвярнулі ўвагу «Ведомости».
Аб намеры расейскай юрыдычнай асобы Google ТАА «Гугл» зьвярнуцца ў суд з заявай аб прызнаньні сябе банкрутам стала вядома яшчэ 18 траўня. Кампанія заяўляла, што прадбачыць уласнае банкруцтва зь сярэдзіны сакавіка 2022 году з прычыны немагчымасьці выконваць грашовыя абавязаньні пасьля арышту банкаўскага рахунку.
Google плянуе захаваць у Расеі доступ да сваіх сэрвісаў — пошуку, YouTube, мапаў і пошты Gmail.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Google забараніў беларусам загружаць і абнаўляць платныя аплікацыі ў Play Store19 траўня Wall Street Journal паведаміла са спасылкай на крыніцы, што карпарацыя Google вывезла асноўную частку расейскіх супрацоўнікаў за мяжу. Яны пераехалі ў Дубай, дзе знаходзіцца вялікі офіс Google.
- У 2021 годзе маскоўскі суд наклаў на Google абаротны штраф памерам 7,22 мільярда рублёў па пазовах «Роскомнадзору» за паўторнае невыдаленьне забароненай інфармацыі.
- Кампанія павінна была добраахвотна выплаціць яго да 19 сакавіка, але не зрабіла гэтага, і 29 красавіка судовыя прыставы завялі выканаўчую вытворчасьць для спагнаньня штрафу.
- Таксама Google быў аштрафаваны на некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў за невыдаленьне забароненага кантэнту.