ЗША ўвялі санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія»

Белавія

Міністэрства гандлю ЗША ў чацьвер пашырыла меры экспартнага кантролю ў дачыненьні да беларускай авіякампаніі «Белавія» за выкарыстаньне самалётаў Boeing у парушэньне абмежаваньняў, уведзеных пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Кампаніям ва ўсім сьвеце цяпер забаронена абслугоўваць, рамантаваць і іншым чынам выкарыстоўваць амэрыканскія дэталі для абслугоўваньня парка самалётаў «Белавія».

Пасьля 8 красавіка «Белавія» зьдзейсьніла больш за 30 незаконных палётаў на самалётах Boeing у Беларусь, Расею, Турэччыну, Маскву, Санкт-Пецярбург, Грузію, ААЭ і Эгіпет, гаворыцца ў загадзе.

Міністэрства гандлю 8 красавіка абмежавала палёты ў Беларусь і Расею самалётаў, якія належаць Беларусі або кіруюцца ёю, вырабленых у ЗША або вырабленых у іншай краіне з больш як 25 працэнтамі кампанэнтаў амэрыканскай вытворчасьці.

«У той час як Беларусь беззаконна падтрымлівае несправядлівую вайну Расеі ва Ўкраіне, яе нацыянальная авіякампанія „Белавія“ не выконвае нашы экспартныя законы, — гаворыцца ў заяве Мэт'ю Аксэльрода, намесьніка міністра гандлю па пытаньнях выкананьня экспартнага заканадаўства. — Загад не дазволіць „Белавія“ выкарыстоўваць якія-небудзь амэрыканскія тэхналёгіі для эксплуатацыі свайго парка самалётаў, тым самым ускладняючы для авіякампаніі магчымасьць працягваць палёты».

Пастанова закранае як самалёты Boeing, так і Embraer у парку «Белавія», калі яны маюць патрэбу ў амэрыканскіх запчастках, сказалі чыноўнікі.

ЗША зрабілі аналягічныя захады ў дачыненьні да буйных расейскіх авіякампаній, уключаючы «Аэрафлот», «Авіястар», Azur Air, «Россия» і Utair, пасьля таго як былі выяўлены самалёты Boeing, якія эксплюатаваліся з парушэньнем амэрыканскіх санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сорамна, што Беларусь уцягнулі ў гэтую ганьбу». Як «Белавія» звольніла бацьку 7 дзяцей