«Катаваньні і непрымальныя ўмовы». Праваабаронцы падрыхтавалі даклад аб беларускіх турмах за 2020–2021 гады

ІЧУ на вульцы Акрэсьціна ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

У дакладзе Праваабарончага цэнтру «Вясна» адзначаецца, што «ў месцах несвабоды ў Беларусі зафіксаваныя выпадкі жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня» са зьняволенымі.

Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі даклад па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрыманьня ў Рэспубліцы Беларусь за 2020 і 2021 гады. У дакумэнце абноўленыя ў тым ліку і раней дасьледаваныя тэмы, у іх уключаны зьвесткі аб нарматыўных актах, якія падвергліся зьменам за апошнія гады.

Паколькі экспэрты ня маюць паўнамоцтваў для непасрэднага збору інфармацыі ў месцах зьняволеньня, іх намаганьні сфакусаваліся на пошуку праблемных участкаў заканадаўства, а таксама поўных і незалежных ад вонкавага ціску крыніц, якімі сталі зьняволеныя, былыя зьняволеныя і іх блізкія.

«Зьняволеныя ў Беларусі ўтрымліваюцца ў умовах, якія часта непрымальныя з прычыны цеснаты, непавагі да асабістай годнасьці, невыкананьня санітарна-гігіенічных правілаў, негарантаваньня бясьпечнага ўтрыманьня, нізкай якасьці харчоў і іх недастатковасьці.

У месцах несвабоды ў Беларусі зафіксаваныя выпадкі катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня. Гэтыя выпадкі не заўсёды расьсьледуюцца аб’ектыўнай і незалежнай інстанцыяй. А грамадзкі кантроль за месцамі несвабоды ў Беларусі неэфэктыўны», — прыходзяць да высновы экспэрты «Вясны».

Па выніках маніторынгу экспэрты далі рэкамэндацыі, адрасаваныя органам заканадаўчай і выканаўчай улады ў некаторых аспэктах дасьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая Аўтуховіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родныя палітзьняволенай Вольгі Рытус: «Каб выбіць паказаньні, яе аблівалі вадой і пагражалі пасадзіць сына»