Прэзыдэнт ЗША заявіў пра наданьне Ўкраіне вайсковай і гуманітарнай дапамогі больш як на мільярд даляраў

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 15 чэрвеня, што паведаміў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму ў часе іх ранішняй размовы пра наданьне Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу.

«Я паведаміў прэзыдэнту Зяленскаму, што Злучаныя Штаты выдзяляюць Украіне яшчэ 1 мільярд даляраў дапамогі, уключаючы дадатковыя артылерыйскія сыстэмы і ўзбраеньне берагавой абароны, а таксама боепрыпасы для артылерыі і перадавых ракетных сыстэмаў, якія неабходныя ўкраінцам для падтрымкі абарончых дзеяньняў на Данбасе», — цытуе Байдэна прэс-служба Белага дому.

«Сёньня я таксама абвяшчаю пра дадатковую гуманітарную дапамогу ў памеры 225 мільёнаў даляраў, каб дапамагчы людзям ва Ўкраіне, у тым ліку шляхам пастаўкі бясьпечнай пітной вады, важных мэдычных сродкаў і мэдычнай дапамогі, ежы, сродкаў для прытулку і грашовых сродкаў для набыцьця неабходных рэчаў для семʼяў», — дадаў амэрыканскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі на Данбасе, ракетныя абстрэлы іншых рэгіёнаў. 112-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны