Аб сваім рашэньні Ілона Караваева паведаміла сайту Hrodna.life. Капітал фонду «Ратуючы спадчыну» — у асноўным сродкі заснавальніцы. За час працы ўдалося сабраць невялікую суму — каля 2700 рублёў. Іх накіравалі на рэкляму па прыцягненьні ўвагі да аб’екта. Падчас рэклямнай кампаніі пачаліся ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне. Паступленьні ад беларусаў спыніліся.
«Людзі, мусіць, перайшлі на іншыя думкі. Можа, як дапамагчы фондам, якія падтрымліваюць Украіну і як дапамагчы дзецям, якія ў Эўропе зараз — уцекачы з Украіны».
Дзіцячая пісьменніца Ілона Караваева ліквідавала фонд «Ратуючы спадчыну», які збіраў сродкі на рэканструкцыю сінагогі XVII стагоддзя ў Слоніме. 14 чэрвеня ў Горадзенскім абласным судзе за адно пасяджэньне ліквідавалі фонд «Ратуючы спадчыну». Ініцыятарам выступіла сама заснавальніца фонду. Праектам рэканструкцыі сынагогі яна не будзе займацца — не знайшлося магчымасьцяў яго прафінансаваць. Ілона паведаміць пра гэта прадаўцу — Слонімскаму райвыканкаму. Верагодна, аб’ект вернецца ў яго ўласнасьць.
Ілона Караваева, якая піша кнігі пад псеўданімам Іаана Рыўз, у канцы 2020-га выкупіла будынак сынагогі за 27 тысяч рублёў. Па ўмовах аўкцыёну, новы ўласьнік павінен быў на працягу двух гадоў падаць праектную дакумэнтацыю. На працягу пяці гадоў трэба было зрабіць праект рэканструкцыі будынка. Ілона меркавала, што будынак можа стаць кропкай прыцягненьня турыстаў, а на яго тэрыторыі будуць праходзіць культурныя мерапрыемствы.
Хто такая Ілона Караваева
Ілона Караваева — сябра Эўразійскай крэатыўнай супольнасьці, піша ангельскамоўныя казкі, выкладае дзецям музыку і вакал.
Да пандэміі актыўна займалася зь імі як пэдагог і крэатыўны аўтар. Праводзіла сустрэчы ў школах, бібліятэках і дзіцячых дамах.
Коратка пра гісторыю сынагогі
- Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1642 годзе ў стылі барока.
- Яна ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
- У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраваньні гараджан.
- Дзейнічала да 1940 году, а пасьля ІІ сусьветнай вайны камуністы зрабілі ў сынагозе склад і гандлёвыя памяшканьні.
- Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерусаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ўчора дазналася, што яна ў аварыйным стане». Пакупніца слонімскай сынагогі расказала пра свае пляны