Паводле Франка Вячоркі, Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з адным з прэзыдэнтаў Alphabet Inc. (холдынг, які валодае некалькімі кампаніямі, што раней належалі Google Inc., і самой Google у тым ліку), а іншыя прадстаўнікі Офісу сустрэліся з прадстаўнікамі кампаній Meta (Facebook) і Microsoft.
У размове з прадстаўніком TikTok абмеркавалі, як можна прасоўваць беларускія відэа, дапамагаць беларускім СМІ і блогерам.
З прадстаўнікамі Microsoft збольшага абмяркоўвалі сэрвісы, якія маглі б дапамагчы ў працы беларускім недзяржаўным арганізацыям. Microsoft ужо дае зьніжкі для беларускіх НДА, але Офіс намагаецца зрабіць дапамогу бясплатнай, адзначае Франак Вячорка.
Таксама размаўлялі пра трэнінгі, якія маглі б праводзіць для беларускіх блогераў, і пра магчымую дапамогу з рэклямай.
Важнай тэмай гутаркі стала прапаганда. Офіс Ціханоўскай абмеркаваў з Google і Facebook магчымасьці блякаваць хлусьлівыя відэа і акаўнты беларускіх прапагандыстаў.
Падчас сустрэчы Ціханоўскай з галоўным юрысконсультам Google, які адказвае за міжнародныя справы, абмеркавалі, сярод іншага, праблему забароны на Youtube беларускай мовы. YouTube паабяцаў разгледзець магчымасьці разьмяшчэньня рэклямы на беларускай мове.
«Яны і раней гэта абяцалі, але зараз выглядае, што працэс запушчаны ўсур’ёз», — сказаў Франак Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм заступіўся за ананімны тэлеграм-канал, які прапагандуе гвалт, фэйкі і мову варожасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію», БКК, Белтэлерадыёкампаніі, прапагандыстаў Азаронка, Гладкай і іншых