Генштаб УСУ: войскі РФ узялі пад кантроль цэнтар Севераданецку

Севераданецк

Расейскім войскам падчас вулічных баёў удалося выцесьніць украінскіх вайскоўцаў з цэнтру Севераданецку. Пра гэта паведаміў Генштаб Украіны.

Па словах кіраўніка адміністрацыі Луганскай вобласьці Сяргея Гайдая, пад расейскім кантролем цяпер каля 70 працэнтаў тэрыторыі гораду.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведамляў пра ўзяцьце жылых раёнаў гораду яшчэ каля 2 тыдняў таму, аднак увесь гэты час баі там працягваліся.

Цяпер украінскія вайскоўцы кантралююць галоўным чынам тэрыторыю прамысловай зоны на ўсходзе гораду. На заводзе «Азот», як паведамляецца, знаходзіцца некалькі соцень мірных жыхароў, якія хаваюцца там ад абстрэлаў.

Напярэдадні паведамлялася аб разбурэньні ўсіх мастоў, якія злучаюць Севераданецк і Лісічанск, які застаецца пад кантролем Украіны.

Гэты горад таксама абстрэльваюць. Па словах Гайдая, за апошнія 24 гадзіны там загінулі трое мірных жыхароў, у тым ліку дзіця.

Яшчэ адзін удар быў нанесены па Бахмуце ў Данецкай вобласьці.

Расейскія войскі таксама спрабуюць акружыць Лісічанск і Севераданецк. Акрамя таго, працягваецца наступ на Славянск, аднак, паводле зьвестак украінскага боку, расейскія вайскоўцы ня могуць прасунуцца наперад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі: «На баку Ўкраіны ваююць каля 200 беларусаў»