Першы тур выбараў у Францыі: прыхільнікі Макрона вырваліся наперад

Эманюэль Макрон

Альянс прыхільнікаў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, паводле папярэдніх вынікаў першага туру парлямэнцкіх выбараў, на долі працэнта апярэдзіў левую кааліцыю NUPES на чале з Жанам-Люкам Меляншонам.

У прыхільнікаў Макрона, паводле афіцыйных зьвестак, 25,75 працэнтаў галасоў, у левых — 25,66 працэнтаў.

На трэцім месцы ультраправае «Нацыянальнае аб’яднаньне» Марын Лё Пэн, у яго менш за 20 працэнтаў. Яшчэ ніжэйшы вынік правацэнтрыстаў.

Левыя сьцьвярджаюць, што ў афіцыйныя вынікі ня ўключаны каля 200 тысяч галасоў, пададзеных за іхных кандыдатаў у шэрагу акруг, нібыта дзеля загалоўкаў СМІ аб тым, што прыхільнікі Макрона на першым месцы. Гаворка ідзе не пра абвінавачваньні ў фальсыфікацыях, а ў тым, што галасы за гэтых кандыдатаў залічылі асобна ад блока NUPES. Улады адхіляюць абвінавачаньні ў маніпуляцыях.

Зыход выбараў вырашыцца ў другім туры праз тыдзень. У другі тур выйшлі кандыдаты, якія набралі ў першым больш за 12,5 працэнта галасоў у сваіх акругах. Вынік прыхільнікаў Макрона дазваляе ім спадзявацца на захаваньне большасьці ў парлямэнце, паколькі ў другім туры выбаршчыкі, як правіла, падтрымліваюць цэнтрыстаў, а не вельмі правых ці левых. Аднак, паводле апытаньняў, абсалютная большасьць прыхільнікам прэзыдэнта не гарантавана. NUPES прэтэндуе на другое месца, прыхільнікі Ле Пэн могуць атрымаць ад 5 да 25 мандатаў.

Эмануэль Макрон нядаўна быў пераабраны прэзыдэнтам на новы тэрмін. У выпадку страты яго прыхільнікамі парлямэнцкай большасьці яму будзе цяжэй дамагацца сваіх палітычных мэт; верагодна, гаворка пойдзе аб фармаваньні кааліцыйнага ўрада з удзелам левых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна за змрочную мінуўшчыну. Колькі каштуе «вяртаньне спрадвечных земляў»