Францыя падпісала 30-гадовы кантракт на здабычу газу ў Катары. Ён дапаможа кампэнсаваць сыход з Расеі

Цырымонія падпісаньня пагадненьня паміж TotalEnergies і North Field East, Доха, Катар, 12 чэрвеня 2022 года

Француская TotalEnergies стала першым замежным партнэрам у буйным энэргетычным праекце Катара. Кампанія купіла долю ў 6,25% у газавым праекце North Field East (NFE) прыкладна за 2 мільярды долараў.

Пра гэта паведамляе тэлеканал France 24.

NFE дапаможа Катару павялічыць вытворчасьць звадкаванага прыроднага газу больш як на 60 працэнтаў да 2027 году, заявілі ў TotalEnergies. Угода дапаможа кампэнсаваць сыход кампаніі з Расеі.

Міністар энэргетыкі Катара Саад Шэрыда аль-Каабі паведаміў, што дзеяньне сумеснага прадпрыемства разьлічанае да 2054 году. Іншыя замежныя фірмы таксама набудуць долі ў NFE, але ніводная зь іх ня будзе большай, чым TotalEnergies, сказаў Каабі, не раскрыўшы назвы кампаній. Крыніцы ў галіне кажуць, што гаворка ідзе аб ExxonMobil, Shell і ConocoPhillips.

3 чэрвеня Эўразвяз прыняў шосты пакет санкцыяў у сувязі з расейскім уварваньнем на тэрыторыю Ўкраіны. Абмежаваньні прадугледжваюць частковае эмбарга на расейскую нафту. ЭЗ прыняў рашэньне адмовіцца ад імпарту расейскай нафты на працягу 6 месяцаў і ад імпарту нафтапрадуктаў на працягу 8 месяцаў. Эўрапейскія краіны цяпер шукаюць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энэргарэсурсаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы тур парлямэнцкіх выбараў у Францыі пакуль ня выявіў лідара