Хроніка перасьледу 13 чэрвеня: затрыманьні ў Віцебску, Менску і Наваполацку, фатографа вінавацяць у працы на Tut.by

Сілавікі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Затрымалі 25-гадовага віцябляніна Максіма Собалева, піша «Наша ніва».

Вядома, што хлопец скончыў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Машэрава. Сілавікі сьцьвярджаюць, што Максім Собалеў быў адміністратарам чату, які празь нейкі час прызналі экстрэмісцкім. Чат, які ставяць у віну хлопцу, быў створаны яшчэ ў 2020-м.

Згодна з паведамленьнем сілавікоў, на Максіма завялі крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 чэрвеня: 3 гады «хіміі» фітнэс-трэнэру, затрыманьні ў Менску і Віцебску, новая справа палітвязьня Анішчука

У Менску затрымалі фатографа Яўгена Ерчака

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», фатаздымкі зь ператрусу і паказаньні фатографа зьявіліся ў праўладных тэлеграм-каналах. На відэа беларускі фатограф «прызнаецца», што быў пазаштатным карэспандэнтам Tut.by і асьвятляў вулічныя акцыі.

Сілавікі заяўляюць, што атрымалі доступ да фотаархіва журналіста. У межах якой справы ён затрыманы, пакуль невядома, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Сына рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка падазраюць у распальваньні варожасьці

У Менску 9 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі з прымяненьнем гвалту затрымалі Дзьмітрыя Шабетніка.

Некалькі дзён сваякі нічога ня ведалі пра ягоны лёс, і толькі 13 чэрвеня стала вядома, што Дзьмітрыя падазраюць у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці (арт. 130 Крымінальнага кодэксу).

Яго ўтрымліваюць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне, паведамляе «Палеская Вясна».

У Наваполацку затрымалі настаўніцу гісторыі

Праваабаронцам стала вядома, што сёньня раніцай затрымалі Алену Зубраву, выкладчыцу гісторыі ў СШ №2 г. Наваполацку.

Паводле папярэдняй інфармацыі, настаўніцу затрымалі за рэпост, неўзабаве адбудзецца суд у адміністрацыйнай справе.

Жыхарку Менску асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі»

Яе прызналі вінаватай у «апаганьваньні будынкаў і псаваньні маёмасьці»

У судзе Заводзкага раёну Менску агучылі вырак Іне Дубінінай. Судзьдзя Генадзь Янкоўскі прызнаў яе вінаватай паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»). Ён асудзіў Іну на паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ — «хатняй хіміі».

Справа аб спагнаньні матэрыяльнай кампэнсацыі за шкоду арганізацыі будзе разглядацца ў межах грамадзянскага вядзеньня.