З ізалятара на Акрэсьціна выйшла Наста Карнацкая, супрацоўніца кнігарні «Кнігаўка». За кратамі яна правяла 23 дні, паведамляе «Эўрарадыё».
Супрацоўніцу «Кнігаўкі» літаратуразнаўцу Насту Карнацкую затрымалі разам з дырэктарам кнігарні Андрэем Янушкевічам 16 траўня пасля ператрусу ў толькі што адкрытай кнігарні.
Янушкевіч па-ранейшаму застаецца за кратамі. Суд прызначыў яму спачатку 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пасьля іх адбыцьця выдавец на волю не выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак. Вядома, што трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Гэтым разам выдаўцу прысудзілі восем сутак арышту.
Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая.
Яны чапляліся да ўласнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытаньні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду ветэранаў СС» (у рэальнасці на здымку было ўступленьне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).
Дыялёгі Азаронка і Гладкай з Андрэем Янушкевічам можна пачытаць тут. Пасьля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі зь ператрусам.
17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза», паведаміла супрацоўніца афіцыёзнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыкаў ААН паінфармавалі пра перасьлед выдаўца Янушкевіча