У сталіцы Расеі сабраліся доўгія чэргі ў рэстарацыю хуткага харчаваньня «Вкусно и точка», якая закліканая замяніць McDonald’s, што спыніў сваю працу ў гэтай дзяржаве праз заходнія санкцыі, выкліканыя вайной ва Ўкраіне.
Ужо 12 чэрвеня ў Маскве і Маскоўскай вобласьці адкрыліся 15 новых пунктаў. 13 чэрвеня адкрыюцца яшчэ 50 рэстаранаў, да канца чэрвеня — каля 200, затым будзе адкрывацца ад 50 да 100 рэстаранаў на тыдзень, паведаміў гендырэктар сеткі Алег Пароеў на цырымоніі адкрыцьця рэстарана на Пушкінскай плошчы Масквы, піша Медуза.
Пры гэтым, як сьведчаць здымкі карыстальнікў інтэрнэту, якія наведалі новыя рэстараны ў першы дзень, там дагэтуль карыстаюцца соўсамі і кетчупамі зь лягатыпам McDonald’s, аднак ён на ўпакоўках зафарбаваны. Уласнага пакаваньня прадукцыі ў новых рэстаранах пакуль няма.
McDonald’s, як многія іншыя замежныя кампаніі, пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну абвясьціў аб прыпыненьні працы на расейскім рынку, але працягнуў плаціць заробак супрацоўнікам. У сярэдзіне траўня стала вядома, што McDonald’s вырашыў канчаткова сысьці з Расеі. Сетку рэстаранаў прадалі прадпрымальніку Аляксандру Говару, які з 2015 году кіраваў 25 рэстаранамі ў Сыбіры па франчайзінгу.
Пагадненьне аб продажы бізнэсу прадугледжвае, што пакупнік захавае пэрсанал і ўмовы для іх як мінімум на два гады. Брэнд McDonald’s, па ўмовах зьдзелкі, новыя ўладальнікі выкарыстоўваць ня могуць.
У Беларусі кампанія працягвае працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: McDonald’s канчаткова пакідае Расею: далейшая праца «не адпавядае каштоўнасьцям» кампаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Starbucks пакідае расейскі рынак