«На Валынскім і Палескім напрамках падчас праверкі баявой гатоўнасьці Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца прывядзеньне падразьдзяленьняў у найвышэйшыя ступені баявой гатоўнасьці, — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага ваеннага камандаваньня на 18 гадзін 11 чэрвеня. — Адпрацоўваюцца практычныя дзеяньні па прыёме ваеннаабавязаных, праводзіцца зьняцьце з захоўваньня ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі».
Як паведамлялася, 4 траўня ў беларускіх войсках пачалася праверка сіл рэагаваньня, а 7 чэрвеня — заняткі па баявой гатоўнасьці, у рамках якіх, паводле інфармацыі Міністэрства абароны, адпрацоўваецца «перавод з мірнага на ваенны час».
Праверка і заняткі праводзяцца на фоне вайны супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя краіны з пачатку ўварваньня актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку чакалі на трактары. Як украінская выведка ўпусьціла расейскі наступ зь Беларусі і што ведае пра беларускую армію цяпер