Чытаньні былі даволі незвычайныя, таму што суправаджаліся паказам моды паводле праектаў жонкі паэта Ані Строцавай. На сцэне разам зь Дзьмітрыем Строцавым выступілі чэскія акторы Вілма Цыбулкава і Ўладзімір Гаўсэр, якія чыталі ягоныя вершы ў чэскіх перакладах. Большасьць вершаў паэта на чэскую мову пераклаў Макс Шчур.
Акрамя фотарэпартажу з чытаньняў, прапануем вам некаторыя выказваньні Дзьмітрыя Строцава, якія прагучалі са сцэны ў адказах на пытаньні публікі, а таксама ў адмысловай размове паэта для Свабоды.
Пра сваю рэакцыю на вайну ва Ўкраіне:
«Беларусы праявілі сябе незвычайным чынам у 2020-ым. Але для нас супрацьстаяньне і цяжкасьць сытуацыі не закончыліся. Мы зьнясіленыя, безумоўна, і калі наступіла ўварваньне расейскай арміі ва Ўкраіну, здавалася, што няма ўжо ў нас ніякіх сілаў ні перажываць, ні дзейнічаць. Але ў чалавека такі дзіўны характар. Аказалася, што калі ты перажываеш за іншага і пачынаеш дапамагаць ці нешта рабіць для таго, хто апынуўся ў яшчэ цяжэйшым становішчы, ты забываеш пра сваю стомленасьць, — цябе яшчэ хапае, скажам так. Будзем спадзявацца, што разам мы пераможам».
Пра зьмену паэтычнай мовы:
«Недзе ў сярэдзіне нулявых я адчуў, што сьвет, у якім я жыву, ужо не знаходзіцца ў становішчы прагрэсу і паляпшэньня, а коціцца ў бездань. Гэтая мая паэтычная інтуіцыя адкрылася на фоне такой агульнай духоўнай лагоды. І я зразумеў, што тая мова, якой я карыстаўся да таго, — мова прыгожай, яскравай, мэтафарычнай паэзіі — ня зможа мне дапамагчы сьведчыць пра тую праўду, якую я бачу. І я стаў шукаць новую мову, — ляканічную, максымальна простую, непасрэдную — каб акумуляваць сілу для паведамленьняў. Такім чынам сфармаваўся такі мой малы жанр — паэтычны рэпартаж.
Я і сёньня чытаў вершы, напісаныя ў 2008 годзе, і ў 2014 годзе. Мне здавалася, калі я пісаў іх, што я не трапляю — што гэта нейкі недакладны спосаб выказваньня, недакладны выбар сродкаў. І калі здарыўся 2020 год, а я працягваў пісаць такія самыя вершы, якія пісаў да таго — зьмянілася акустыка. Мяне пачалі слухаць. Я публікаваў верш у Фэйсбуку — і яго за дзень перакладалі адразу на некалькі моваў. З аднаго боку ёсьць дар, з другога — творчая дысцыпліна».
Пра Ўкраіну:
«Я шчасьлівы сяброўствам з Украінай. У мяне шмат сяброў у гэтай незвычайнай краіне. Гэтаму сяброўству шмат гадоў.
Калі Расея напала на Ўкраіну ў 2014 годзе, я перажыў страшны боль. І я тады разумеў, што проста і хутка гэта ня вырашыцца. Але я таксама разумеў, што расейскі імпэрыялізм напаў на ўнікальнае грамадзтва, і што яно вытрымае гэты напад. Якой цаною — мы ня ведаем. Цана ўжо так высокая, што цяжка гэта наагул уявіць. Але я веру, што Ўкраіна пераможа. Будучыня ня толькі Ўкраіны, але будучыня Эўропы і сьвету залежыць ад стойкасьці, мужнасьці і любові ўкраінскіх людзей».
Пра беларускі выбар:
«На жаль, групоўка, якая захапіла ўладу ў Беларусі, цяпер дапамагае расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну, і гэта кідае цень на ўсю Беларусь, на беларускі народ. Але я хачу, каб у Чэхіі помнілі пра беларускі супраціў 2020 году. Эўропа і міжнародная супольнасьць павінны разумець, што ў сваёй большасьці беларусы выбралі эўрапейскі дэмакратычны шлях разьвіцьця для сваёй краіны.
Беларусь стала іншай, новай. Цяпер вельмі цяжка. У краіне — тэрор. Але беларуская грамадзянская супольнасьць жыве — як у самой Беларусі, так і ў выгнаньні ці ў шэрагах украінскай арміі. Беларусы зьбіраюць сілы пасьля цяжкога ўдару, і гэтаму трэба дапамагаць».
Пра 2020 год у Беларусі:
«Беларусь зьнішчалася ў 2020 годзе дзеля таго, каб падрыхтаваць Расеі пляцдарм для нападу на Ўкраіну».
Пра паэзію наагул:
«Паэзія для мяне — гэта першая форма захаваньня калектыўнай памяці грамадзтва. Яшчэ няма пісьменнасьці, але ўжо ёсьць грамадзтва, ужо ёсьць патрэба захоўваць нейкія агульныя каштоўнасьці. Такім чынам фармуецца мова, і такім чынам фармуецца інтуіцыйна ва ўсіх народаў і грамадзтваў маўленчая форма, якая захоўвае важную інфармацыю і сама сябе. Для гэтай формы характэрныя паўторы, рыфмы, нейкія сродкі, якія дапамагаюць узнавіць нейкае паведамленьне, калі яно страчанае. То бок паэзія першапачаткова зьвязаная з маўленчымі практыкамі і зь неабходнасьцю захаваньня важнай калектыўнай памяці».
Пра паэтычнае пісьмо і маўленьне:
«Мы ня ўсё можам запісаць. Справа ня толькі ў эмацыйнасьці, а і ў тым, што маўленьне само па сабе нясе больш інфармацыі, чым мы можам зафіксаваць у пісьмовым тэксьце. У кожнай эпосе, сьвядома або несьвядома, мы перажываем дэфіцыт прынцыпова важнага для нас — таго, чаго ня можам даверыць пісьму, або чаго ня ўмеем запісаць. І таму мы зьвяртаемся да паэзіі.
Паэзія ніколі не памрэ. Калі ёсьць чалавек, калі ёсьць патрэба ня толькі ўстанавіць камунікацыю, але і патрэба акумуляцыі сэнсаў і захаваньня іх, то мы непазьбежна вяртаемся да паэзіі».
Пра паэтычны пераклад у наш час:
«Мы жывем у вельмі цікавы час, калі паэтычны пераклад становіцца неабходнай часткай мастацкага выказваньня. У сілу таго, што зьмяніліся формы публікацыі тэкстаў, — перш за ўсё можна публікавацца адразу ў сацыяльных сетках — то гэта дае магчымасьць таму, як у нас было ў 2020 годзе, што ў сетках адначасова зьяўляліся некалькі перакладаў. Я тут гавару ня толькі пра сябе. Гэтак было ў Беларусі ў 2020 годзе, гэтак адбываецца ва Ўкраіне цяпер».
Пра паказ жончынай калекцыі моды:
«Ідэя пачалася з маёй сустрэчы з Давідам Маcікам з Брна. Гэта ўнікальная асоба. Пра яго варта было б распавесьці асобна. Скажу толькі, што гэта ён ужо колькі гадоў арганізуе „пакаяльнае шэсьце“ ад мяжы з Аўстрыяй да Брна ў памяць таго, як чэхі выгналі немцаў з Брна пасьля вайны. Гэта была трагічная падзея, многія зь немцаў загінулі падчас гэтага працэсу выгнаньня.
Дык вось, гэты Давід Масік, якога я некалі запрасіў у Менск, зьвёў мяне з Эвай Лустыгавай з фонду імя Арнашта Лустыга. Мала таго, што Эва і яе фонд зацікавіліся мною, яны сталі распытваць Аню, чым яна займаецца, і калі дазналіся пра адзеньне, дык адразу захапіліся і сказалі, што зробяць паказ Аніных праектаў падчас маіх паэтычных чытаньняў. Мы з Аняй самі не рызыкнулі б пайсьці на такі экспэрымэнт. Але ў сьвятле таго, што цяпер адбываецца ў нас, гэта велізарная падтрымка для Ані, якая ў Беларусі падзяляе ўсю тую прыгнечанасьць».